Мелодыя вышыванкі

У далёкім куточку шафы, на паліцы з сямейным «антыкварыятам» (усё рукі не даходзяць перабраць-адсартаваць), натыкнулася на пакет. У ім – кашуля. Узор крыжыкам сінімі, бурачковымі, зялёнымі, карычневымі ніткамі па гарлавіне і краі рукавоў ніколькі не выцвіў. На жаль, я не ведаю мовы вышытага арнаменту, аднак разумею, што ён пазітыўны і радасны, далікатны і выразны. Вышыванка – хоць сёння апранай і насі, пры тым, што гадоў ёй за паўсотні. Татава вышыванка… Трымаю яе ў руках і нібы ўключаецца машына часу. У імгненне апынаюся ў далёкай далечыні – на пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Памяць паслужліва «ўключае» той дзень, калі мама разгарнула скрутак і падала тату льняную прыгажосць. Гэта была чаканая абноўка, не на кожны дзень, а частка канцэртнага касцюма жарабковіцкага старшыні – такая самая, як і ў іншых удзельнікаў калгаснага хору. Як жа яны спявалі! Нот не ведалі, пра скрыпічны ключ, дыезы, мажоры-міноры не чулі. А спявалі так, што тутэйшыя салоўкі, мусіць, адчувалі ў іх канкурэнтаў. Новы сельскі Дом культуры ў Жарабковічах пабудавалі недалёка ад чыгункі, уздоўж якой у пасадках у пачатку лета заліваліся салоўкі. Вось па чарзе яны і спявалі – то птушкі, то харысты, сярод якіх і мой бацька. Пікантная акалічнасць: у таты з музычным слыхам праблемка была – яму мядзведзь на вуха наступіў. Але ж у хоры старшыня прысутнічаў у абавязковым парадку. Як жа інакш, здзіўляўся ён. Як жа без Панкратавіча, здзіўляліся вяскоўцы.
І яшчэ ў тэму. Побач з Жарабковічамі размешчана вёска (цяпер аграгарадок) Падлессе. Гэта не толькі радзіма святога Серафіма Жыровіцкага. Унікальны куточак славіцца неверагоднай песеннасцю. У свой час Падлессе стала першакрыніцай натхнення маэстра Цітовіча – арганізатара і стваральніка славутага Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору, які сёння носіць яго імя і які пачынаўся з галасістых падляшанак. Вельмі стараўся іх перапець жарабковіцкі хор. І несліся над наваколлем чысцюткія галасы вельмі народных, самадзейных артыстаў, якія і за хлебную ніву адказвалі, і за малочныя рэкі.
Сёння гэта ўспамінаецца са светлым сумам і добрай усмешкай. Такі быў час са сваімі звычкамі, традыцыямі, прыярытэтамі. Толькі я не пра іх, а пра, скажам так, мелодыю вышыванкі, што загучала ў сэрцы, – пра народную песню. Звонкагалосая, прыгожая, мілагучная, празрыстая, бы вада крынічная, лірычная ці жартаўлівая, сумная ці завадная, што ў скокі запрашае – не ўседзець, і абавязкова шчымліва-шчырая. З дзяцінства ў душы пасяліліся і дагэтуль там – на пастаянным месцы жыхарства – агучаныя песняй замалёўкі з натуры. Яны пераважна з вясковым адрасам, і, мяркую, гэта не выпадкова: менавіта вёска – калыска фальклору. Дык што там, у замалёўках?
…Сабраліся вечарам дзяўчаты, пасакрэтнічалі, пашапталіся, пагаманілі і заспявалі. «Ой, рэчанька, рэчанька…». Прыгажосць!
…Жанчыны на сенажаці стаміліся, селі адпачыць, перакінуліся жартамі і… «Касіў Ясь канюшыну…», «Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!..». Цуд дый годзе!
…Самыя сталыя кабеты на пасядзелках успамінаюць маладосць і зусім па-маладому спяваюць нестарэючыя, непадуладныя часу «хіты». Без фальшу, без зрыву голасу. Пранікнёна, таму што душэўна. Быццам сваё жыцце спяваюць. Быццам прэм’ера песні. «А ў полі вярба нахілёная…», «Хацела ж мяне маці замуж аддаці…», «А мой мілы захварэў…». Настальгія – таленавіты дырыжор, і паслухмяныя яму спявачкі, здаецца, абыдуць любога Арфея. Немагчыма не любіць, не захапляцца, не натхняцца гэтай мілагучнасцю, гэтай сапраўднасцю, гэтай гармоніяй.
Сёння ў модзе іншая музыка. Пагалоўна шалеюць ад хіп-хопа, рэпа, рока, трэпа і г.д. Як і ва ўсе часы, мастацкія прыхільнасці пакаленняў розняцца. Вось і цяпер, прызнаюся, пра штосьці з «раскручанага» асабіста я нават не чула, з чымсьці малазнаёмая, другое не разумею, іншае падабаецца. Мода – з’ява непрадказальная і капрызная, а пра густы і наогул не спрачаюцца. Як заўсёды, у авангардзе – маладыя. Толькі… Грае гармонік, бярэ за душу баян, лашчаць слых цымбалы і скрыпка. І калі на вялікую ці маленькую сцэну выходзіць выканаўца народнай песні, не застаецца раўнадушных, тэмпература настрою падскоквае да адзнакі «радасць ад сустрэчы». Тлумачэнне, на мой погляд, відавочнае: прываблівае сапраўднасць. І прыцягненне да вытокаў. Яшчэ не адкрылі навукоўцы ген, які адказвае за безадмоўнае прыняцце, допуск у сэрца пэўных акалічнасцей, накшталт «Ой, ляцелі гусі з броду…». Адкрыюць! Вельмі ўжо ён дамінантны. Таму не знікае цікавасць да фальклору наогул і да народнай песні ў прыватнасці. Ды што там цікавасць, калі больш пасуе і адпавядае іншае слова – любоў! Выклікаем на біс і «Лявоніху», і «Рэчаньку», і прыпеўкі, і «Палескі вальс»!
…Мая (татава) ільняная вышыванка не згубілася б ні на якім, самым высокім подыуме – настолькі яна прыгожая і самабытная. Самае тое, што сёння называецца эксклюзівам. Крыжыкам вышыты ўзор даслоўна я не прачытала, але галоўны пасыл зразумела, як паўтарэнне пройдзенага і засвоенага: дарагое вымяраецца не грашовымі адзінкамі, а любоўю.