«Я ведала сапраўднага паэта»

Я ведала паэта. Сапраўднага. Праўда, спачатку аб ім толькі чула: у цэнтральнай раённай бібліятэцы, куды я прыйшла на працу  ў пачатку 90-х, пра ўраджэнца вёскі Чудзін Алеся Каско з гонарам і пашанай адгукаліся многія. Тагачасныя  работнікі бібліятэкі маглі гадзінамі гаварыць пра творчасць земляка, чытаць на памяць ягоныя вершы, нават стасавацца з Алесем Канстанцінавічам па тэлефоне, як гэта могуць рабіць толькі родныя, блізкія па духу людзі.

Упершыню ўжывую паэта я ўбачыла на аўтавакзале. Была восень, марасіў дождж… На прывакзальным пероне ў чаканні аўтобусаў стаялі дзяніскаўцы, чудзінцы, мельнікоўцы.

–  Зірні ўправа, – штурхнула мяне ў бок знаёмая. – Вунь стаіць паэт. На радзіму, у Чудзін едзе.

Нічым асаблівым тады мяне гэты паэт не здзівіў. Самы звычайны чалавек: сярэдняга расточку, у капелюшы, шэрым паліто, з вялікай, як мне тады падалося, сумкай цераз плячо. Як самы звычайны чалавек, ён зайшоў у перапоўнены аўтобус, прад’явіў кантралёру білет, стаў ціхенька ў  праходзе,  месцы  былі ўжо  пазайманымі.

Тым жа дажджлівым восеньскім вечарам я чытала ягонае «Набліжэнне». Невялічкую кнігу ўзяла па дарозе дадому ў сельскай бібліятэцы. Сказаць, што ад паэзіі Алеся Каско я была пад уражаннем, атрымала найвялікшую асалоду,– сказаць няпраўду. У маёй галаве тады ўтварыўся нейкі канцэнтрат: разуменне неардынарнасці асобы і незразумеласць яго паэтычнага слова і думак, іх адарванасць ад зямлі  ў імкненні да высокага, недасягальнага.

Падчас прэзентацыі кнігі «45» з Алесем Каско мы пазнаёміліся, а пасля выхаду ў 2011 годзе зборніка паэзіі «Нічога больш» пачалі сябраваць. У той час я была кіраўніком узорнага літаратурнага аб’яднання «Верасок» раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці, і Алесь Канстанцінавіч прыязджаў  да нас на прэзентацыі новых кніг, на літаратурныя сустрэчы. З «вераскоўцамі» ён праводзіў майстар-класы, гаварыў аб тым, якой павінна быць сапраўдная паэзія. Асаблівае стаўленне ў Алеся Каско было тады да пачынаючай паэткі Яўгеніі Пракапчук і яе паэзіі. Колькі слушных парад паэт даў дзяўчыне, колькі заўваг зрабіў для таго, каб на ўзроўні прафесіянальнай загучала яе паэзія. Хто ведае, ці былі б у нашым жыцці літаратурныя вандроўкі ў Львоў, Вільню, у Жэні – у Швецыю, каб не мудрыя, далікатныя падказкі паэта-прафесіянала.

З Алесем Каско мы часта стасаваліся па тэлефоне. Павінна прызнацца, што пасля яго адыходу ў вечнасць я яшчэ гадоў тры не магла выкрасліць ягоны нумар тэлефона. Пра што мы гаварылі з Алесем Канстанцінавічам? Пра літаратуру, лёс роднай мовы, важнасць любові да зямлі, адкуль карані. Іншы раз  размовы нашы супадалі з маім прабываннем у Дзяніскавічах. «Шчаслівая ты, Галя, – казаў мне Алесь. – Ёсць бацька і маці. І ў родным доме цёпла…». Іншы раз скардзіўся Алесь Канстанцінавіч, што вершы  не так часта да яго пачалі прыходзіць. «Мо выпісаўся, – казаў ён. – А мо стаміўся». Вось толькі пра свае праблемы са здароўем доўга не гаварыў, хаця былі яны на той час даволі сур’ёзнымі.

Дзякуючы Алесю Каско, Ганцаўшчына і я асабіста адкрылі яшчэ аднаго чудзінскага паэта – Яўгена Сергіеню і яго паэзію пра жыццё, высокую духоўнасць, хараство прыроды і вечнасць чалавечага быцця. Сергіеня з Каско не аднойчы прыязджалі на сваю малую радзіму. З іх удзелам ладзіліся прыгожыя літаратурныя імпрэзы ў школах і бібліятэках раёна, а цёплыя сустрэчы і  пасядзелкі ў хаце хатыніцкай паэткі Ніны Кавальчук помняцца і зараз. Колькі шчырасці, адкрытасці і роднасці было ў іх!

Зазіраючы ў скарбніцу часу, успамінаецца 60-гадовы юбілей паэта, які ганцавіцкія бібліятэкары ладзілі  ў кінатэатры «Маладосць» і на які сабраліся прадстаўнікі ўлады, прыхільнікі творчасці паэта, яго землякі. Наўрад ці калі яшчэ так хораша, узрушана, з асаблівым паэтычным смакам і ледзь-ледзь прыкметным бляскам у вачах Алесь Каско чытаў свае вершы, вершы, якія я, нібыта крыху пасталеўшы, пачала разумець па-іншаму. У іх былі адказы на многія мае пытанні.  Яны  прымушалі мяне думаць, іншы раз плакаць, дзесьці былі паратункам ад непаразумення, саломінкай уратавання ад адчаю. Праз дзясяткі гадоў пасля першага прачытання вершаў Каско яго творы ляглі на душу па-новаму і да мяне прыйшло ўсведамленне, что я насамрэч ведала паэта. Паэта геніяльнага.

Галіна ПУПАЧ.