Людміла Чыркун: «Развіваць, выхоўваць, зберагаць»

– Ніколі ў сваім жыцці не ігнаравала важныя для дзяржавы і грамадства мерапрыемствы. Заўсёды нібы на свята ішла на выбары, зараз таксама пайду на рэферэндум, каб засведчыць сваю адказнасць за будучыню краіны, зрабіць годную справу, якая, пераканана, дазволіць зберагчы лепшае, захаваць тое, што будавалася гадамі.

З праектам Канстытуцыі з усімі змяненнямі і дапаўненнямі я пазнаёмілася дэталёва. Вось толькі мушу прызнацца: не  ўсе аспекты дакумента мне да канца зразумелыя. Найбольш закранулі папраўкі, якія  маюць сацыяльную накіраванасць і звязаны з прыярытэтам сям’і, мацярынства, адказнасці кожнага чалавека  за фарміраванне  маральных і духоўных каштоўнасцей.

Безумоўна, вельмі важная для мяне папраўка аб тым, што бацькі павінны не толькі выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра іх здароўе, але і прывучаць да працы. На жаль, нашы дзеці, пагружаныя ў свет  лічбавых тэхналогій, развучыліся  працаваць. Ім хочацца, каб у жыцці ўсё давалася хутка і лёгка. А так бывае не заўсёды. Каштоўнасці адукацыі, адданай і паўсядзённай працы павінны быць у прыярытэце.

Адпаведна новым прапановам на асаблівы клопат могуць разлічваць людзі пажылога ўзросту, дзеці-сіроты, хлопчыкі і дзяўчынкі, якія па волі лёсу засталіся без бацькоўскай любові і клопату. Адным словам, новы Асноўны Закон краіны накіраваны на тое, каб развіваць, падтрымліваць, выхоўваць, зберагаць.

І яшчэ. У мяне няма ніякіх сумненняў у тым, што на ўчасткі для галасавання абавязкова пойдуць людзі майго пакалення. Чаму? Проста ім ёсць з чым параўноўваць. Многія добра памятаюць цяжкае становішча ў краіне, як прыходзілася не жыць, а выжываць. Сёння народ мае іншыя магчымасці і губляць іх не збіраецца. Таму да сустрэчы на выбарчым участку, дарагія мае землякі!