Аляксандр Занько – лепшы ляснічы вобласці

У сваім лесе ён ведае кожную сцежку і можа паказаць яшчэ нямала цікавых месцаў, бо прайшоў Аляксандр Занько за 20 гадоў службы тут усё ўздоўж і поперак.
Напэўна, моладзі, якая толькі прыходзіць у лясную гаспадарку, гэта зразумець цяжка: як гэта ў чалавека не ўзнікла жадання нешта памяняць у жыцці, сарвацца з пастаяннага месца, якое павінна было надакучыць? А для ляснічага гэтыя лясныя кварталы плюс зладжаная каманда работнікаў сталі не проста працай, а справай жыцця, пакінуць якія проста так немагчыма.
Праўда, да Багданаўскага лясніцтва Аляксандр Паўлавіч паспеў папрацаваць трохі ў Бастынскім, куды прыйшоў ляснічым пасля заканчэння тэхналагічнага ўніверсітэта. Цяпер у яго працоўнай кніжцы толькі два запісы, ды і тыя зроблены ў Лунінецкім лясгасе.
– Я родам з вёскі Люсіна Ганцавіцкага раёна. Гэта менавіта тое месца, аб якім піша Якуб Колас у сваім рамане «На ростанях», – расказвае ляснічы. – Можаце сабе ўявіць, якая там прырода, якія лясы! У дзяцінстве ўсё лета мы з бацькамі і дзедам праводзілі ў лесе, там касілі траву, грыбы-ягады збіралі. Але ў лясную гаспадарку пайшоў зусім не з-за рамантыкі. Проста выбар на вёсцы быў невялікі – у калгас ці ў лес. Але, напэўна, калі б «зялёная краіна» была не маёй справай, столькі б не адпрацаваў. Значыць, мы прывыклі адзін да аднаго – я і лес.
За фондам Багданаўскага лясніцтва ў амаль 10 тысяч гектараў сочаць дзевяць леснікоў, тры майстры лесу, працуюць тры вальшчыкі, трактарыст, вадзіцель, памочнік ляснічага і бухгалтар. Кожны з іх – старанны і адказны спецыяліст. Вопыт, прымяненне новых тэхналогій, пастаянная зладжаная праца дазволілі Аляксандру Занько стаць лепшым ляснічым Брэсцкай вобласці.
– Ведаеце, гэта неяк няправільна. Скажу так: прывык рабіць усё з аддачай, не прывык працаваць дрэнна. І ад людзей, з якімі працую, заўсёды чакаю таго ж. Таму і перамога гэта – наша, агульная. Разам жа да яе крочылі.
Дарэчы, лясная справа для Аляксандра Занько стала сямейнай. Жонка Алена Іосіфаўна працуе побач, яна – памочнік ляснічага. Прычым амаль столькі ж, колькі на пасадзе ляснічага працуе яе муж.
– Мы жылі ў адной вёсцы, доўгі час сябравалі, разлучаліся, толькі калі я паехаў вучыцца ў Мінск. Пасля размеркавання Алена адправілася разам са мной, – успамінае ляснічы. – Работы ў вёсцы не было, а ў лясніцтве спраў хапала, вось і стала жонка маёй памочніцай не толькі дома. Агульная справа сямейнаму жыццю не перашкаджае. Дома аб лясных клопатах стараемся не гаварыць наогул. Хоць яна, работа, усюды, а летам – дык наогул, здаецца, не заканчваецца.
Але якімі б загружанымі не былі будні, выхадныя Аляксандр Паўлавіч стараецца прысвячаць любімаму захапленню – паляванню. Прызвычаіў да гэтага мужчынскага занятку бацька. Ён у свой час добрымі трафеямі мог пахваліцца. Гэта цяпер Павел Іосіфавіч, які размяняў восьмы дзясятак, усё часцей аддае перавагу рыбалцы і пчолкам-працаўнікам. А вось Занько-малодшы па-ранейшаму гатовы прайсці дзясятак-другі кіламетраў па лясных сцежках, высочваючы звера і не ведаючы, што будзе потым – поспех або прыкры промах. І, здавалася б, дадому вяртаецца стомленым, але раніцай аднекуль паяўляюцца новыя сілы. І чарговы тыдзень заўзяты паляўнічы працуе ў чаканні выхадных, каб узяць з сабой сабаку, закінуць стрэльбу за плячо і зноў сысці ў лес.
Гаварыць з Аляксандрам Паўлавічам – вельмі лёгка і цікава. Мы размаўлялі з ім пра журавіны, бярозавік і мётлы, пра статак аленяў, які нядаўна аблюбаваў мясціны непадалёк ад Багданаўкі, і пра павелічэнне колькасці жывёлы. А яшчэ я даведаўся, што амаль на мяжы з Малькавіцкім лясніцтвам ёсць векавая дуброва. Месца, якое па праву можна назваць запаведным: яшчэ ні разу не звінела тут піла, ды і мала які чалавек дабіраўся да гэтых гектараў сярод балот, удалечыні ад лясных сцежак. Менавіта за такія некранутыя куткі прыроды і любіць свае лясы Аляксандр Занько.
– Там можна сустрэць алешыны і дубы ў два абхопы, якім па 150 – 200 гадоў. Такія дрэвы растуць хіба што ў Белавежскай пушчы. Цяжкадаступныя ўчасткі, з аднаго боку, дрэнна: туды не дабрацца ні тэхніцы, ні чалавеку. Але з іншага – добра: захаваўся запаведны куток прыроды. А для высечак у нас і без таго месцаў хапае.
Аляксандр КОЎКА.
Фота аўтара.