Хто ў доме гаспадар?

1Часта ў раёнку звяртаюцца людзі, якіх хвалююць самыя розныя пытанні. Менавіта расставіць кропкі над “і” ў праблеме, звязанай з рамонтам пад’езда ў доме № 17 па вуліцы Будаўнікоў папрасіла Леакадзія Забароўская, інвалід 2 групы.

Жанчына пражывае адна, часта хварэе, падчас размовы было відаць, што ёй цяжка гаварыць: “У ліпені гэтага года работнікі ЖКГ пачалі рамонт у нашым пад’ездзе. Падчас правядзення работ разламалася труба ліўневай каналізацыі, утварылася значная трэшчына. У той час дажджы ішлі, дах у нашым доме працякаў, і вада праз дзіркі па трубе лілася так, што затапіла не толькі маю пляцоўку, але і на 2 паверхі ніжэй. Да ўсяго, каля гэтай трубы размяшчаецца электрашчыток, мы з суседзямі вельмі баяліся, што можа здарыцца непапраўнае, калі ток “закараціць”, а таму проста самі закруцілі тую  дзіравую трубу цэлафанам. Патэлефанавалі ў камунальную службу, папрасілі прыйсці дапамагчы нам, адрамантаваць ліўневую каналізацыю. Да таго ж смурод у пад’ездзе ад трубы з каналізацыі стаяў невыносны! Мне як астматыку вельмі цяжка было дыхаць.

Работнікі ЖКГ прыехалі, паглядзелі, замянілі адрэзак ліўневай каналізацыі і, не закончыўшы рамонт у пад’ездзе, узяліся рамантаваць дах. Справа патрэбная і важная, а таму мы, жыхары, былі толькі рады гэтаму. Калі б не адно “але”… Скончыўшы латаць дах, камунальнікі сабраліся і… зніклі. Так з таго часу і стаяць у нас у пад’ездзе будаўнічыя рыштаванні, сцены засталіся выпацканымі ў пабелку, вокны з выбітымі шыбамі мы самі пазабівалі цыратай, каб не трапляла вада падчас дажджу, а тая тынкоўка, якую рамонтнікі паспелі нанесці на столь і частку сцен, пачала кавалкамі адвальвацца (НА ЗДЫМКУ). Да таго ж, з намі не заключылі ніякі дагавор, гэта насцярожвае.

Я хворы чалавек, да мяне часта прязджаюць урачы, прычым, і ноччу таксама. А гэтыя будаўнічыя рыштаванні пасярод пад’езда не дазваляюць нават прайсці, не зачапіўшыся за іх. Нас, жыхароў, гэтая нядбайнасць, безадказнасць і бестурботнасць вельмі абураюць. Словы, канечне, непрыгожыя, але інакш я і не скажу.

Яшчэ адно пытанне, якое хвалюе людзей, датычыцца ўборкі пад’ездаў. Згодна з квітанцыяй за камунальныя паслугі, мы плацім за іх тэхнічнае абслугоўванне, але ўжо вельмі даўно ў нас ніхто не робіць уборку, спраўляемся сваімі сіламі. Ці правільна тое, што грошы з нас вылічваюць, а работу тэхнічныя работнікі не выконваюць?”.

Сітуацыю пракаменціравала тэхнік вытворча-тэхнічнага аддзела па бягучым рамонце КУШВП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ” Алена Сайко:

— Так, я ведаю аб прэтэнзіях жыхароў гэтага дома. Але праблемы я там не бачу. Растлумачу: быў распачаты рамонт пад’езда, затым работнікі выявілі працяканне даху. Адрамантаваць дах — задача першапачатковай важнасці, а таму пра пад’езд прыйшлося забыць на нейкі час. Пасля таго, як дах у доме № 17 быў адноўлены, пачалі паступаць званкі ад жыхароў іншых дамоў, якія скардзіліся на такую ж праблему. А таму ўсе сілы камунальных службаў былі ў той час накіраваны на рамонт дахаў, тым больш, што ішла падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду.

Ну, а зараз, атрымліваецца, што сродкаў завяршыць рамонт у пад’ездзе не хапае, але я магу запэўніць жыхароў: работа будзе закончана да канца года. Гэта нават не абгаворваецца.

Карыстаючыся выпадкам, я хачу нагадаць грамадзянам, што за рамонт у пад’ездах яны павінны плаціць самі. Для таго, каб выключыць непрыемныя сітуацыі і непаразуменне, мы праводзім сходы з жыхарамі, на якіх нязменна ўзнікае пытанне: “Чаму я павінен рамантаваць пад’езд за свой кошт, калі кожны месяц уношу плату за тэхнічнае абслугоўванне, капітальны рамонт? Дзе гэтыя грошы?”. Справа ў тым, што сродкі на капрамонт акумулююцца ў гарадскім бюджэце і ўжо адтуль накіроўваюцца на рамонт у адпаведнасці з чарговасцю ўнесеных у спецыяльны пералік дамоў. Што ж датычыцца тэхнічнага абслугоўвання, дык рамонт пад’ездаў у яго не ўваходзіць, — тлумачыць Алена Серафімаўна. — Са сродкаў мясцовых бюджэтаў фінансуюцца работы па бягучым рамонце падмуркаў і сцен падвальных памяшканняў, сцен дамоў, перакрыццяў, дахаў, аконных і дзвярных праёмаў у месцах агульнага карыстання, перагародак, падлог. Таксама не закране жыхароў бягучы рамонт балконаў, ганкаў, брылёў над уваходамі ў пад’езды, унутранае аздабленне тэхнічных памяшканняў, вонкавае аздабленне фасадаў і ўсе віды сантэхнічных і электратэхнічных работ, за выключэннем тых, што вядуцца ў кватэрах.

Алена Сайко таксама расказала, што пералік відаў работ па бягучым рамонце жыллёвага фонду і парадку пакрыцця фактычных затрат на яго ўстаноўлены Пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2014 года № 12. Гэтая пастанова дакладна рэгламентуе, якія работы па бягучым рамонце жыллёвага фонду павінны выконвацца за кошт бюджэту, а якія — за кошт насельніцтва: уласнікаў і наймальнікаў, членаў арганізацый забудоўшчыкаў.

Такім чынам, жыхары зараз павінны аплачваць усе аддзелачныя работы, такія, як расшыўка швоў, заладка выбоін, расколін, асобных участкаў сцен пад’ездаў, аднаўленне тынкоўкі і абліцоўвання сцен і столяў, выраўноўванне іх, аднаўленне і ўмацаванне ляпных дэкаратыўных дэталей, заладка выбоін і расколін у цэментных або бетонных падлогах, работы па рамонце або замене пакрыццяў падлог і іншыя… У гэтым жа пераліку — і ўсе віды малярных работ у пад’ездах, у тым ліку афарбоўка сцен, столяў, вокнаў і дзвярэй, трубаправодаў, ацяпляльных прыбораў, паштовых скрынь, рашотак, парэнчаў, поручняў.

— Калі камісія бачыць, што пад’езд знаходзіцца ў непрывабным стане — сцены падрапаныя, распісаныя, пракураныя, складаецца дэфектны акт, да якога прыкладаюцца фатаграфіі. На агульным сходзе інфармацыю аб неабходнасці правядзення рамонту ў пад’ездзе мы даводзім да жыхароў, — працягвае Алена Серафімаўна. — Вызначаецца пералік і якасць матэрыялаў, узгадняецца колернае рашэнне, выбіраецца ўпаўнаважаная асоба для прыёмкі выкананых работ. Па жаданні з кожным уласнікам (наймальнікам) заключаецца дагавор на выкананне адпаведных рамонтных работ. Разам з тым з кожным уласнікам (наймальнікам) заключаецца тыпавы дагавор на тэхнічнае абслугоўванне або дагавор найму жылога памяшкання з эксплуатуючай арганізацыяй, які прадугледжвае аплату за бягучы рамонт, да якога і адносіцца рамонт пад’ездаў.

Бываюць сітуацыі, калі не ўсе жыхары згодныя з правядзеннем рамонту. Тады не трэба думаць, што ўсе выдаткі раскідалі толькі на тых, хто на рамонт пагадзіўся. Выдаткаваная сума размяркоўваецца прапарцыянальна агульнай плошчы па ўсіх кватэрах у пад’ездзе. Такім чынам, у квітанцыі кожнага жыхара з’яўляецца радок “бягучы рамонт”. Суму могуць выставіць усю адразу ці ў растэрміноўку. Паколькі бягучы рамонт жыллёвага фонду, у тым ліку месцаў агульнага карыстання, адносіцца да асноўных жыллёва-камунальных паслуг, дык і плаціць за яго прыйдзецца, як за звычайныя ЖКП. У выпадку адмовы запазычанасць будзе назапашвацца. А ў Жыллёвым кодэксе, як вядома, пры наяўнасці запазычанасці за жыллёва-камунальныя паслугі прадугледжаны санкцыі ажно да высялення наймальнікаў і ўласнікаў кватэр. Так што ў адпаведнасці з жыллёвым заканадаўствам адмова ад заключэння дагавора ні ў якім разе не вызваляе ўласнікаў ад унясення платы па бягучым рамонце за фактычна аказаныя паслугі. Дарэчы, паслугі па рамонце мы прапануем як свае, так і падрадных арганізацый. Зрэшты, пры жаданні жыхары могуць самі закупіць матэрыялы, ды і адрамантаваць самастойна — гэта абыйдзецца значна танней. У любым выпадку пад’езд павінен мець належны выгляд.

Што датычыцца адсутнасці прыбіральшчыцы, згаджуся. З 1 жніўня пад’езды не прыбіраюцца, а таму будзе абавязкова праведзены пераразлік аплаты за тэхнічнае абслугоўванне і жыхарам будзе пакрыта 3,8 працэнта ад той сумы, якую яны заплацілі.

Падводзячы вынік, хачу адзначыць, што прызнаць пад’езды сваёй тэрыторыяй і сачыць за парадкам у іх у жыхароў ёсць зараз і важкі фінансавы стымул. Тым больш, што каля 90 працэнтаў жыллёвага фонду вобласці сёння знаходзіцца ва ўласнасці насельніцтва.

Ксенія ЛУЦКО.