Рыбгас “Лактышы”: апраўдаць узнагароды

26-я спецыялізаваная міжнародная выстава “Белагра-2016” праходзіла адначасова з III Форумам рэгіёнаў Беларусі і Расіі на мінулым тыдні ў Мінску. Сёлета арганізатары пашырылі экспазіцыю і прадставілі не толькі сельгасмашынабудаванне, але і іншыя галіны прамысловасці, ахапілі ўсё, што можа быць цікавым для рэгіёнаў Расіі.

Сумяшчэнне Беларускага аграпрамысловага тыдня з III Форумам рэгіёнаў Беларусі і Расіі стала падставай для таго, што выставу “Белагра-2016” наведалі адказныя асобы і госці, у тым ліку прэзідэнты Беларусі і Расіі.

Усяго на выставе прысутнічалі 23 афіцыйныя замежныя дэлегацыі, у тым ліку кіраўнікі і прадстаўнікі міністэрстваў сельскай гаспадаркі Расіі, Венгрыі, Грузіі, Манголіі, Польшчы, Шры-Ланкі, Японіі і іншых краін.

Не засталіся ў баку і прадпрыемствы Ганцаўшчыны. Рыбгас “Лактышы” прыняў удзел у выставе і больш таго, быў удастоены двух дыпломаў і атэстата першай ступені. І па выніках выставы заняў ганаровае першае месца сярод сямі рыбаводчых гаспадарак-канкурэнтак.

Вось што расказаў дырэктар рыбгаса “Лактышы” Сямён Шуст: “Мы прадставілі ўвазе наведвальнікаў выставы экспазіцыю на тэму “Рыбацкая вёска”. Зрабілі хатку рыбака, невялікі вадаём з тымі відамі рыб, якія вырошчваюцца на нашым прадпрыемстве, аздобілі імправізаваны падворак зелянінай і чаротам, паставілі акварыум і альтанку. А таксама нашымі сіламі там жа быў арганізаваны міні-музей прылад для лоўлі рыбы: ад мінулага да сучаснага. Экспазіцыя атрымалася цікавай, прыгожай і выкананай у адной тэматыцы, што па заслугах ацанілі наведвальнікі і члены журы”.

Сямён Шуст дадаў, што выстава — выдатная магчымасць наладзіць партнёрскія сувязі, што вельмі актуальна для рыбгаса. На сённяшні дзень рыбгас працягвае працаваць са  стратамі, што стала вынікам высокага сабекошту рыбы, выгадаванай у мінулым годзе. Выйсце — павелічэнне аб’ёмаў прадукцыі і зніжэнне яе сабекошту. Таксама, адным з прыярытэтных накірункаў работы на будучае дырэктар рыбгаса называе змяншэнне затрат на рэалізацыю рыбы, у тым ліку за кошт дасканалага вывучэння рынку, прадстаўлення рыбгаса як канкурэнтаздольнай адзінкі сярод іншых прадпрыемстваў. І менавіта перамога на выставе дае магчымасць паспрабаваць па-новаму заявіць аб сабе, “прагучаць” не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі, знайсці новых дзелавых партнёраў і пашырыць магчымасці заключэння новых кантрактаў. Хочацца спадзявацца, што так яно і будзе.

Ксенія ЛУЦКО.

НА ЗДЫМКУ: рыбаводы рабгаса “Лактышы” падчас выставы.

Фота з архіва

прадпрыемства.

рыбхоз

One thought on “Рыбгас “Лактышы”: апраўдаць узнагароды

  • 17.06.2016 в 12:15
    Permalink

    Молодцы ребята, поздравляю с наградами. Осталось только вырваться из «плена» долгов. Удачи! P.S. И, да, ваша уха — самая вкусная!

Обсуждение закрыто.