Зімовы час — не для суму
На двары — зіма. Снегам ухутана зямля, дрэвы — усё навокал. Здаецца, ну якія клопаты могуць быць у садаводаў ці агароднікаў? Але не! У тых дачнікаў, хто клапоціцца аб будучым ураджаі, і зімой хапае работы.
Асноўны клопат зараз, у халодную пару года для садаводаў — абараніць расліны ад пашкоджвання марозам і грызунамі. Зімой вялікую шкоду маладым дрэўцам могуць нанесці грызуны — зайцы і мышы. Калі з восені такія дрэвы не былі абвязаны, дык у час адлігі, а таксама пасля моцных снегападаў варта добра ўтаптаць снег на іх прыствольных кругах. Гэта не дасць мышам магчымасці пранікнуць пад снегам да ствалоў і абгрызці кару на маладых дрэвах.
Для адпужвання зайцоў маладыя дрэўцы можна абмазаць адным з наступных раствораў. Бяруць вядро каравяку і змешваюць яго з 1 кілаграмам растворанай у вадзе свежагашанай вапны або змешваюць роўныя часткі гліны і каравяку і дадаюць на вядро сумесі 50 грамаў крэаліну.
Калі снегу многа, карэнні пладовых і ягадных культур надзейна ўкрыты. Снег можа дадаць вялікіх непрыемнасцей, калі моцна падае ў час адлігі: пад яго цяжарам галінкі могуць абламацца. Таму трэба своечасова стрэсваць мокры снег з галін.
Варта зняць з дрэў і спаліць зімуючыя гнёзды баярышніцы і залатагузкі, калі гэтая работа не была выканана восенню. Муміфікаваныя плады таксама нельга пакідаць на голлі.
Пры небяспецы наступлення моцных маразоў (мінус 35 градусаў) трэба прыкрыць ствалы і аснову галінак маладых дрэў снегам. Яго лепш за ўсё браць з міжрадкоўяў. Трэба назапашваць больш снегу і на пасадках суніц.
Па магчымасці неабходна нарыхтоўваць гной і захоўваць яго ва ўшчыльненых штабялях. Пры ўкладцы штабелю варта дадаць да гною суперфасфат. Зімой пажадана збіраць попел, птушыны памёт.
Неабходна паклапаціцца і пра птушак: змайстраваць у садах кармушкі для насякомаядных птушак і сістэматычна падкормліваць іх, асабліва пры моцных снегападах і галалёдзіцы.
Рэгулярна правяраць стан чаранкоў, калі яны захоўваюцца ў падвале або пограбе для вясенніх прышчэпак і чаранкавання. Памяшканне, дзе чаранкі знаходзяцца, рэгулярна праветрываць.
На працягу зімы два — тры разы праглядваць цыбулінкі і клубні кветак. Захварэўшыя аддзяляюць ад здаровых, хворыя часткі на іх выразаюць, адкрытыя ўчасткі абрэзу прысыпаюць тоўчаным драўняным вуголлем.
Снег і мароз — не перашкода для тых, хто хоча заняцца зімовай прышчэпкай пладовых дрэў. Для гэтага трэба з восені назапасіць і захаваць у падвале ці пограбе сеянцы або падвоі і чаранкі пладовых дрэў жаданых гатункаў. Зімнія прышчэпкі трэба праводзіць у цёплым памяшканні спосабам палепшанай капуліроўкі. Месца прышчэпкі абвязаць плёнкай. Прышчэпкі пакласці ў скрыні, перасыпаць пілавіннем і вытрымаць у цёплым памяшканні два — тры тыдні. Захоўваць у падвале пры тэмпературы ад 0 да плюс 2 градусаў, або ў снезе (да пасадкі).
А таксама адрамантаваць лесвіцы, скрыні, садовы інвентар і інструменты, закупіць тыя, якіх не хапае, зрабіць падпоры пад дрэвы.
Працягвайце збіраць яечную шкарлупу, цыбульнае і часночнае шалупінне, бульбяныя лупіны, спітыя чай і каву, а таксама скарынкі цытрусавых (іх трэба сушыць на батарэі, затым складваць у адкрытыя папяровыя пакеты і ставіць у шафы з адзеннем, паколькі іх пах не любіць моль). З сухіх цытрусавых вясной можна прыгатаваць адвар: 1 кілаграм скарынак размачыць у вадзе, прапусціць праз мясарубку, заліць 3 літрамі кіпячай вады, закрыць і настаяць у цемнаце 5 сутак. Затым працадзіць, адціснуць, разліць па бутэльках, закупорыць і трымаць у хляве або кладоўцы. Па меры неабходнасці браць 100 грамаў раствору на 10 літраў вады для апырсквання раслін супраць тлі і лістагрызучых насякомых.
Вось, як бачыце, колькі можна зрабіць карысных спраў і ў зімовы час.
Падрыхтавала Марыя ПАЎЛАВА.