Колькі каштуе памерці?

Смерць чалавека часцей за ўсё адбываецца раптоўна. Нават пажылы або сур’ёзна хворы чалавек не ведае, колькі яму адведзена жыць. Калі памірае блізкі, яго сваякі, улічваючы перажыванні і жалобу ад страты, могуць апынуцца ў разгубленасці, не ведаючы, што рабіць далей. У той жа час, варта па-філасофску ставіцца да таго, што рана ці позна ўсе завяршаюць свой жыццёвы шлях. Таму інфармацыя пра тое, што трэба рабіць, калі памёр чалавек, як яго пахаваць і колькі гэта будзе каштаваць, ні для каго не будзе лішняй.

rit

Афармленне неабходнага пераліку дакументаў з’яўляецца абавязковай працэдурай, якую варта здзейсніць з мэтай пацвярджэння факту смерці. Некаторыя з дакументаў выдаюцца адразу ж медыцынскімі работнікамі, астатнія патрабуецца аформіць ва ўказаны ў заканадаўстве тэрмін. Калі ў сілу глыбокіх перажыванняў і эмацыйнага засмучэння вы не ў стане займацца гэтым пытаннем, даручыце яго іншым сваякам або блізкім асобам.

Спіс дакументаў, якія неабходна аформіць па факце смерці чалавека

Медыцынскае пасведчанне аб смерці (запаўняецца на месцы, калі чалавек памёр дома сваёй  смерцю, або выдаецца ў бальніцы або моргу).

Пасведчанне аб смерці афармляецца ў раённых аддзелах ЗАГС пры райвыканкамах або сельскім выканаўчым камітэце (калі населены пункт адносіцца да сельскага тыпу). Гэта прадугледжана артыкуламі 219 — 220 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і. Пасведчанне аб смерці павінна быць аформлена на працягу сямі дзён з моманту наступлення смерці (артыкул 221 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і).

Даведка на атрыманне матэрыяльнай дапамогі для арганізацыі пахавання нябожчыка афармляецца і выдаецца ў органах, указаных у папярэднім пункце. Адбываецца гэта адначасова з афармленнем пасведчання аб смерці.

Дзяржаўная дапамога на пахаванне

Арганізацыя пахавання — справа нятанная. Асабліва, скажам, для адзінокіх пенсіянераў. Аднак, “укласціся” ў дзяржаўную дапамогу, якая выдаецца на пахаванне, можна. Яе памер — сярэдняя заработная плата ў краіне за мінулы месяц адносна месяца наступлення смерці. Па словах намесніка начальніка аддзела па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Ганцавіцкага райвыканкама Ілоны Рамнёвай, у маі гэтая сума склала 770 рублёў, у чэрвені будзе складаць ужо 776,70 рубля.

Важна ведаць, што месца выплаты дапамогі залежыць ад таго, ці з’яўляўся памерлы працаздольным грамадзянінам або атрымліваў пенсію (сацыяльную дапамогу любога тыпу). У першым выпадку выплата ажыццяўляецца па месцы работы нябожчыка. У другім — па месцы выплаты пенсii або дапамогi. Па атрыманне матэрыяльнай дапамогі можна звярнуцца на працягу паўгода з дня смерці. Для атрымання матэрыяльнай дапамогі неабходна мець даведку ўстаноўленага ўзору, а таксама пашпарт заяўніка. Шматлікія арганізацыі дзяржаўнага і прыватнага сектара таксама аказваюць матэрыяльную дапамогу ў арганізацыі пахавання былога работніка. Так, варта звяртацца ў аддзел кадраў ці іншае структурнае падраздзяленне ўстановы, якая з’яўлялася апошнім месцам працоўнай дзейнасці памерлага.

Участак — толькі з выпадку смерці

“Участак прадастаўляецца толькі па факце смерці. Бясплатна. Дзяржава выдзяляе двухмесны ўчастак для памерлага (другое месца — для бліжэйшага сваяка). Таксама родныя могуць пашырыць гэты ўчастак на некалькі дадатковых месцаў, але гэта ўжо за грошы, — расказаў намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ” Сяргей Вайцешык. — Колькі гэта будзе каштаваць — сказаць не магу, бо такіх выпадкаў пакуль не было.

Таксама нельга выбраць канкрэтны ўчастак, дзе будзе пахавана цела. Ёсць строгая чарговасць запаўнення могілак па сектарах, яе і прытрымліваюцца”.

Зараз у Ганцавічах хаваюць на старых могілках (па вуліцы Заслонава) і новых — каля аб’язной дарогі. На колькі гадоў хопіць месцаў — пытанне складанае, бо на старых могілках хаваюць толькі тых нябожчыкаў, у якіх месцы былі зарэзерваваны загадзя, альбо бліжэйшых сваякоў раней памерлых грамадзян, — законных уладальнікаў тых самых “другіх” бясплатных месцаў. Пытанне аб стварэнні новых могілак стаіць даволі востра, аднак рашэнне аб будаўніцтве пакуль не прынята.

Паслугі па пахаванні

Ганцавіцкая РЖКГ таксама прадастаўляе паслугі па выкопванні магіл: кошт на новых могілках — 44,98 рубля, на старых — 34,60 рубля. Пракат катафалка: “Газэль” — 17,26 рубля (да новых могілак) і 16,42 рубля — да старых могілак; аўтобус — 23,90 рубля і 22,34 рубля адпаведна. Калі памерлага неабходна прывезці для пахавання з сельскай мясцовасці, то надбаўкі да базавага кошту паслуг катафалка (ім лічыцца сума ў 22,34 рубля) налічваюцца за кожны кіламетр і кожную гадзіну карыстання транспартам. Так, калі заказваюць “Газэль”, то за кожную гадзіну карыстання неабходна даплаціць 17,38 рубля, а за кожны кіламетр — 21 капейку. А пры заказе аўтобуса жыхарам раёна прыйдзецца дадаць 18,28 рубля за гадзіну і 61 капейку за кожны кіламетр.

Самы танны крыж (драўляны) можна набыць у крамах і комплексна-прыёмных пунктах Ганцавіцкага РКБА за 10 рублёў, лакіраваны — за 25 рублёў. Жалобны кошык каштуе ад 24 да 29 рублёў, вянкі можна набыць за 25 рублёў, больш пышныя — за 30 рублёў і даражэй. Самая танная труна (драўляная) каштуе ад 60 рублёў, у залежнасці ад упрыгожання. Зразумела, ёсць і элітныя варыянты: амаль 250 рублёў за лакіраваную труну. Калі нябожчык нестандартных памераў, для яго змогуць зрабіць труну на заказ. Рытуальнае покрыва абыйдзецца ў 12,50 рубля, а падушка — у 10 рублёў з капейкамі.

Крэмацыя

Па некаторых прычынах апошнім часам сваякі памерлых усё часцей аддаюць перавагу паслузе крэмацыі. У Беларусі ёсць адзін крэматорый, ён размяшчаецца на Паўночных могілках Мінска і належыць “Спецкамбінату” КБА. Дзяржава працэдуру крэмацыі не навязвае, людзі самі згаджаюцца. Эканамічны фактар мае ролю: крэміраваць цела і арандаваць залу для развітання каштуе парадку 220 рублёў (плюс 15 рублёў за ўезд на тэрыторыю крэматорыя). Крэмацыя без развітання — 140 рублёў (15 рублёў за ўезд). Урны для праху каштуюць ад 20 рублёў. Прычым, работнікі крэматорыя абавязваюцца даставіць цела памерлага на крэмацыю з любога рэгіёна рэспублікі. Адно месца для ўрны ў калумбарнай сцяне прадастаўляецца бясплатна, дадатковыя побач (максімум тры) каштуюць каля 10 базавых велічынь. Але нават улічваючы дадатковыя платы крэмацыя каштуе значна танней, чым традыцыйнае пахаванне.

Плата за здзяйсненне царкоўных абрадаў

Як расказаў протаіерэй, настаяцель храма Свяціцеля Ціхана ў Ганцавічах Пётр Піліпчук, канкрэтнай сумы, у якую абыйдзецца паніхіда па нябожчыку, не існуе. “Царква жыве на ахвяраванні людзей, сваіх прыхаджан. Мы не камерцыйная арганізацыя, якая называе пэўную суму за свае паслугі. Але ўсё роўна падчас правядзення таго ці іншага абраду існуюць матэрыяльныя выдаткі на прыналежнасці: свечкі, іконы і іншае. А таму ў сярэднім людзі ахвяруюць за паніхіду каля 50 рублёў”. Прыкладна гэтак жа адбываецца і ў каталіцкіх касцёлах: людзі плацяць за здзяйсненне паніхіды хто колькі зможа, у якасці добраахвотнага ахвяравання.

Пад аркестр ужо не хаваюць

А вось некалі папулярная паслуга аркестра зараз — вялікая рэдкасць, яе амаль ніхто не заказвае, часта сваякі жадаюць развітацца з нябожчыкам у маўчанні.

Цяжкая тэма, але важная. Праблемныя пытанні, з якімі іншым часам могуць сутыкнуцца сваякі нябожчыкаў, неабходна аператыўна вырашаць. Тым больш, што ўсе мы, як бы ні было сумна аб гэтым думаць, кожны ў свой час сутыкнемся з цяжарам страты.

Падрыхтавала Ксенія ЛУЦКО.

One thought on “Колькі каштуе памерці?

  • 03.06.2017 в 18:51
    Permalink

    Не дай Бог вашим близким уйти в выходной или праздничный день — вам надо иметь стальные нервы, чтобы преодолеть безразличие работников ЖКХ и других ИП, предлагающих свои услуги.

Обсуждение закрыто.