«Духоўныя ўсходы» Валерыя Марцінкевіча

Пра мясцовага кампазітара Валерыя Марцінкевіча чула і раней: з народным аматарскім аб’яднаннем «Талака» ён неаднаразова бываў на маёй роднай Лунінеччыне. Аднак нагодай для асабістай сустрэчы стала нечаканая і вельмі прыемная навіна – Валерый Вячаслававіч увайшоў у лік пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу, прысвечанага Году гістарычнай памяці ў намінацыі «Песні маёй Радзімы».

– Нічога спецыяльна да конкурсу не пісаў, – расказаў кампазітар. – Даслаў тое, што было: песні на словы мясцовых паэтаў Васіля Праскурава і Аляксея Галаскока ды некалькі апрацовак народных песень. Прыемна, што маю сціплую творчасць заўважылі…

Сціпласць – вызначальная рыса характару самога Валерыя Марцінкевіча. Аддаючы сябе музыцы, ён застаецца строгім і справядлівым для вучняў дзіцячай школы мастацтваў, дзе выкладае па класе баяна, прыязным і камунікатыўным – для сяброў і знаёмых.

На Ганцаўшчыне прайшла большая і лепшая частка жыцця, тут сустрэў ён вялікае каханне, адбыўся як творца. Менавіта гэтаму палескаму кутку прысвяціў ён свае лепшыя творы, хаця нарадзіўся ў горадзе Баранавічы.

«З музыкі – хлеб невялікі»…

Такімі словамі вызначыў далейшы шлях пляменніка дзядзька, калі даведаўся, што пасля васьмігодкі Валерый паступіў у Брэсцкае музычнае вучылішча.

– Хоць і быў дзіцём горада, маленства правёў у вёсцы на Гродзеншчыне, – успамінае Валерый Марцінкевіч. – Вясковы побыт і сёння навявае самыя цёплыя згадкі. Усе мае продкі па лініі Марцінкевічаў былі кавалямі. У дзеда Аляксандра Якімавіча нават была свая кузня. Кавалём быў і мой бацька, працаваў на чыгунцы… Здавалася б, адкуль цяга да музыкі? А яна была! Марцінкевічы валодалі выдатнымі галасамі, гралі на музычных інструментах і сямейным ансамблем неаднаразова аздаблялі вяселлі. Дзед нават скрыпкі ўласнаручна рабіў! Адну з дзедавых скрыпак я яшчэ застаў і вельмі шкадую, што не паклапаціўся пра тое, каб яе зберагчы. На скрыпцы вельмі гожа іграў бацька. Ён быў франтавіком. Пад Кёнігсбергам атрымаў цяжкае раненне: увесь быў пасечаны асколкамі. Пазней успамінаў, што калі апрытомнеў і глянуў на скалечаную левую руку, першай думкай было: «Наўрад ці цяпер здолею іграць на скрыпцы!». Не здолеў, таму пасля вайны асвоіў баян. Вось якая цяга была да музыкі!

А яшчэ Валерый Вячаслававіч расказаў, што валодаў тата абсалютным музыкальным слыхам:

– Памятаю, у вучылішчы вырашыў навучыцца іграць на гітары, – усміхаецца суразмоўца. – Купіў інструмент, прывёз дахаты і ў вольную часіну задумаў яго настроіць. За маімі пакутамі бацька назіраў нядоўга і ўрэшце не вытрымаў: «Што ты творыш?! Хіба так гэта робяць?». А потым узяў гітару і без праблем настроіў увесь акордавы лад. Ён беспамылкова мог вызначыць вышыню кожнага гука. Мне Бог такога таленту не даў…

Затое даў Валерыю Марцінкевічу Бог іншае – здольнасць душой адчуваць музыку. І адчуванне гэтае ён пранёс праз усё жыццё.

«Прыехаў у Ганцавічы і ніколькі не шкадую…»

А здарылася гэта 50 год таму – у далёкім цяпер 1972 годзе, калі пасля музычнага вучылішча па размеркаванні маладога выкладчыка накіравалі ў глыбінку Палесся. Душа прагла творчасці, таму Валерый Марцінкевіч вырашыў стварыць аркестр. Яго ўдзельнікамі сталі амаль усе калегі па музычнай школе. Праўда, неўзабаве ад задумкі давялося адмовіцца: юнака прызвалі на тэрміновую службу.

– Служыў я, можна сказаць, па спецыяльнасці, – жартуе Валерый Вячаслававіч. – Нягледзячы на тое, што іграў на клавішных, у арміі давялося асвоіць трамбон, бо тэрміновую праходзіў у Маладзечне ў духавым аркестры. У мяне нават у ваенным білеце запісана «Музыкант». Пасля арміі вярнуўся ў Ганцавічы жаніцца, бо тут чакала каханая дзяўчына. З таго часу мы з маёй Ірынай Барысаўнай разам – і дома, і на працы.

Пасля таго, як змяніў гімнасцёрку на цывільны касцюм, Валерый Марцінкевіч з галавой акунуўся ў работу. Аднавілі рэпетыцыі з аркестрам. Строгай жанравай накіраванасці не было, і партытуры даводзілася пісаць маладому кіраўніку. Неяк на вочы трапіў верш тагачаснага рэдактара раёнкі Васіля Праскурава «Гармошка». Цяжка сказаць, чым зачапілі музыканта немудрагелістыя радкі, але песня, здавалася, сама прасілася на нотны стан. Насуперак прыкметам «першы блін» не атрымаўся камяком, песня пайшла ў народ.

Гэта быў вельмі плённы час. Валерый Вячаслававіч працаваў з аркестрам, стварыў вучнёўскія эстрадны і ансамбль баяністаў. Тады ж нарадзілася знакамітая «Талака». Часу на ўсё не ставала, і так атрымалася неяк само сабой, што большую яго частку забірала менавіта «Талака». Валерый Марцінкевіч стаў акампаніятарам і канцэртмайстрам калектыву, які хутка заваяваў папулярнасць.

«У любой справе галоўнае – аднадумцы…»

Гэтага пераканання Валерый Вячаслававіч прытрымліваецца і сёння. Ён упэўнены, што якім бы таленавітым і адданым справе ты не быў, калі побач не пашчасціць мець аднадумцаў, наўрад ці атрымаецца што годнае. А такія аднадумцы ёсць, таму з канцэртамі аб’ездзілі ўдзельнікі «Талакі» ўсю Беларусь і нават паспрабавалі пакарыць замежжа, пабываўшы ў Польшчы. А сёлета сталі ўдзельнікамі «Славянскага базару»!

У дапандэмічны час народны ансамбль стабільна даваў па некалькі канцэртаў у месяц. За рэпертуар, арганізацыю, сцэнарыі, касцюмы адказвае кіраўнік калектыву Ірына Марцінкевіч. Валерый Вячаслававіч застаецца надзейным акампаніятарам і  аўтарам музыкі да большасці песень.

– Мы свядома вырашылі аддаваць перавагу менавіта мясцовым паэтам, каб падкрэсліць самабытнасць нашага краю, – даводзіць Валерый Марцінкевіч. – Нават народныя песні, якія потым у маёй апрацоўцы выносілі на суд слухачоў, запісвалі ў вёсках нашага раёна. Ніколі не баяліся, што на вялікіх канцэртах (а мы неаднаразова былі іх удзельнікамі) нехта паўторыць нашы нумары. Ды і хіба можна, не пачуўшы, аднавіць характар спеваў, скажам, у нашых Шашках? Мы, дарэчы, запісалі там нямала песень… Нават пасля апрацоўкі яны захавалі характэрную аўтэнтычнасць Ганцавіцкага краю. Успамінаецца выступленне ў Спораве на фестывалі гумару. Завяршылі мы сваю праграму, спускаемся са сцэны і чую, як адна з глядачак дакляруе сяброўцы: «От, спазнілася  і такое выступленне прапусціла. «Бяседа» спявала!». Вядома, прыемна што пераблыталі нас з такім знакамітым калектывам.

Сёння «Талака», аснову рэпертуару якой складаюць творы Валерыя Марцінкевіча, аб’яднала ў сваім саставе не толькі тых, хто мае музычную адукацыю, але і насамрэч самадзейных артыстаў, якіх прынята называць талентамі з народа. Гэта настаўніца з гімназіі Аксана Зялёнка, педагог раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці Святлана Муха, загадчыца аўтаклуба Марыя Занька, тэхнолаг райспажыўтаварыства Таццяна Мышкавец… Адданым вядомаму калектыву застаецца Віктар Багроў. Яму Валерый Вячаслававіч удзячны асабліва, бо дзякуючы Віктару творы кампазітара трапілі на лічбавыя носьбіты.

– Ведаеце, час ідзе, хтосьці з тых, хто доўгі час быў побач, сыходзяць, – разважае пра аднадумцаў мой суразмоўца. – Мне заўсёды шкада. Колькі часу таму калектыў пакінуў Іван Галушка. Вельмі адораны чалавек. У яго рэдкі тэмбр голасу, вельмі артыстычная падача твораў… Як кампазітар, гэта разумею і цаню. Да таго ж у нас заўсёдная праблема – мужчынскія галасы. Як аказалася, не так і проста іх знайсці на Ганцаўшчыне!  Вось у суседнім Лунінецкім раёне – адразу некалькі строга мужчынскіх калектываў, тыя ж «Шляхцічы», «Прымакі», «Вандроўнікі». А ў нас, атрымліваецца, жанчыны больш галасістыя…

Спакваля наша гаворка пераходзіць у іншае рэчышча, закранаючы праблему музычнай творчасці і захавання культурнай спадчыны ўвогуле.

«Калі заспявае школа – заспявае краіна…»

Словы вядомага кампазітара Дзмітрыя Кабалеўскага Валерый Марцінкевіч прывёў зусім невыпадкова. Імі ён імкнуўся растлумачыць становішча, якое склалася сёння ў грамадстве ў дачыненні да музычнай адукацыі.

– На жаль, у нас усё часцей нават бацькі, аддаючы дзяцей у музычную школу, прымяняюць дзеяслоў «запісацца». Не «паступіць», а менавіта «запісацца». Захацеў – запісаўся, праз колькі часу – выпісаўся, – ад слоў чалавека, які прысвяціў музыцы жыццё, вее горыччу. – Заўважце, у нас нават за сталом сёння вельмі рэдка спяваюць. Той бяседы, якая была некалі, ужо не сустрэць. У школе ўрокаў спеваў, якія былі раней, амаль не засталося. Што ўжо казаць пра музыку… Памятаю, як некалі мае былыя выхаванцы, а сёння – студэнты педагагічнай ВНУ, расказвалі пра паездку ў Аўстрыю. Для іх, гасцей, равеснікі ладзілі сяброўскую вечарыну. Адзін з тамтэйшых юнакоў прапанаваў нашай дзяўчыне сыграць на фартэпіяна ў чатыры рукі. Яна, ніякавата сумеўшыся, адмовілася, маўляў, не вучылася ў музычнай школе… Яго здзіўленасці не было мяжы: як гэта будучая настаўніца не мае музычнай адукацыі! Дык то ж Аўстрыя – радзіма Моцарта, скажаце вы. А я буду пярэчыць: зусім не мае значэння, дзе нарадзіўся. Важна заставацца патрыётам сваіх мясцін. У тым ліку і ў музыцы. Я – патрыёт. І ніколькі гэтага не саромеюся, бо шчыра, па-сапраўднаму люблю ўсё беларускае. І мову нашу, і песню. Веру, што вернецца час, калі на канцэрты беларускай песні будуць хадзіць з большай ахвотай!

Мне вельмі карціць сказаць гэтаму заўзятаму чалавеку, што насамрэч пры ўсім, што патрыётаў нам, вядома ж, трэба выхоўваць, людзей, «сэрцам адданых роднай зямлі» ў нас вельмі шмат. І наўрад ці трэба даказваць гэта творцы, які неаднойчы на свае вочы ўпэўніваўся, як цёпла прымалі іх на абласных і рэспубліканскіх «Дажынках», як не хацелі адпускаць са сцэны ў аддаленых вёсках палескай глыбінкі, як чакаюць іх самабытных песень у суседніх з Ганцавіцкім раёнах… А яшчэ хачу заклікаць яго верыць, што творы самабытнага кампазітара перасягнуць межы раёна. І першы крок да гэтага ўжо зроблены: песню «Над вадою шумяць вербы» ўключыў у свой рэпертуар заслужаны калектыў «Выцінанка» са Століншчыны. А сённяшняя перамога ў рэспубліканскім конкурсе – яшчэ адзін гэтаму доказ.

– У 1999 годзе ў абласным выдавецтве выйшаў невялікі зборнік маіх твораў, – гаворыць Валерый Марцінкевіч. – А ўвогуле ў мяне недзе трошкі больш за два дзясяткі песень, да якіх напісаў музыку. Не пішу інструментальныя творы, толькі музыку да вершаў, якія «кладуцца» на сэрца. Дзякуй Богу, такія яшчэ сустракаюцца. А значыць, ёсць шанц парадаваць землякоў новымі творамі і абавязкова дачакацца духоўных усходаў, сілкуе якія музыка.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.