Надзея КАРПЕНЯ: «Шчасце – быць патрэбнай»

Надзея Карпеня з вёскі Дзяніскавічы роўна 22 гады працуе сацыяльным работнікам аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ганцавіцкага раёна. Год таму заслужыла права адпачываць. Вось толькі пакінуць сваіх падапечных, для якіх ужо стала амаль што родным чалавекам, так і не можа. Прыязна ўсміхнуўшыся, жанчына прызнаецца:

– Гэта ж такое шчасце быць патрэбнай!

Некалі ў школе Надзея, тады яшчэ Галуза, вучылася добра і таму без асаблівых цяжкасцей паступіла ў Маладзечанскі ўлікова-планавы тэхнікум. На размеркаванні папрасілася накіраваць яе працаваць дадому, у легендарны па тым часе калгас «Расія». Дзевятнаццаць гадоў Надзея Іларыёнаўна шчыравала ў гаспадарцы, а потым пачаліся перамены, да якіх, як аказалася, не была яна гатовай ні маральна, ні фізічна.Таму, замацаваўшы аўтографам згоду на  звальненне з гаспадаркі, падалася шукаць прымянення  сваім рукам і розуму ў нечым іншым.

–У прафесію сацыяльнага работніка прывяла мяне Ніна  Берташ, – успамінае субяседніца. – «Ёсць вакансія, едзь у райцэнтр і прасіся на работу, – сказала тады Ніна Фамінічна. – Ты ўмееш слухаць людзей і разумець іх, ёсць у тваёй душы дабрыня і чалавечнасць. А клапаціцца аб пажылых – такая высакародная справа!»

Простую і працавітую жанчыну чакаюць сем яе падапечных.

– Праўда, дваіх днямі на зімоўку забралі дзеці, – удакладняе Надзея Іларыёнаўна, а потым сціпла, без ніякага там пафасу, расказвае  аб тым, чым займаецца штодня.

Па словах жанчыны, да сваіх падапечных наведваецца яна тры разы на тыдзень. Прыходзіць не з пустымі рукамі: прыносіць прадукты з магазіна, лекі з аптэкі. Затым бярэцца за справы, як кажуць, па гаспадарцы: гатуе стравы, калі людзі нямоглыя – корміць іх, робіць водныя працэдуры, мые бялізну, прыбіраецца ў хаце, носіць дровы…

– На пачатку няпроста было ўвайсці ў чужы дом і пачаць работу, – прызнаецца субяседніца. – А зараз прывыкла.

Як прывыкла і да таго, што ў кожнага чалавека свае звычкі, патрабаванні, характар, дарэчы, не заўсёды лёгкі.

– Ніколечкі не крыўлю душою: на горкае, халоднае слова сваіх падапечных не адказваю тым жа. Хаваю крыўду, дарую злое. Можа таму, што так мяне тата з мамай выхавалі, што па натуры сваёй чалавек я такі.

У ліку тых, да каго сацыяльны работнік ідзе, мала сказаць, што з ахвотай, але і  глядзіць з захапленнем, – былы старшыня калгаса Вячаслаў Трапачка, настаўніца пачатковых класаў мясцовай школы Праскоўя Герман, школьная прыбіральшчыца Клаўдзія Зялёнка.

– З асаблівай павагаю і пашанай стаўлюся да Марыі Цыбулька, – прызнаецца Надзея Іларыёнаўна. –  Не сталі для яе чужымі пяцёра дзетак-сіротак, выгадавала, выхавала, як сваіх. З узростам да мяне прыйшло разуменне, што не кожны чалавек здольны ўзяць на сябе такую вялікую адказнасць.

Пра сваіх падапечных Надзея Іларыёнаўна гатова гаварыць і гаварыць. Зразумела, што больш за дваццаць год нямала тых, хто  ў сэрцы і памяці застанецца на ўсё астатняе жыццё.

– Быў у мяне выпадак, калі прыйшлося нават самой у апошні шлях выпраўляць сваю падапечную, – працягвае Надзея Іларыёнаўна. – Не, зусім не таму, што яна аказалася непатрэбнай сваім дзецям, проста лёс закінуў іх далёка. Сама я і дамавіну купіла, і рукі на грудзях нябожчыцы склала, і памінальную вячэру справіла. Нават мурашкі бягуць па спіне, калі ўспамінаю, як дзякавалі дзеці старой за клопат пра яе пры жыцці, яшчэ больш – за праводзіны ў незваротнасць.

Абслугоўваннем пажылых людзей на даму ў вёсцы Дзяніскавічы займаецца не толькі Надзея Карпеня. Калектыў вясковай сацыяльнай службы складаецца з сямі чалавек.

– Усе дзяўчаты такія малайцы! – кажа Надзея Іларыёнаўна. –  І, нягледзячы на тое, што нехта ў прафесіі даўно, а хтосьці  робіць першыя крокі, усе без выключэння  маюць павагу і ўдзячнасць людскую, дзеля чаго і варта працаваць.

Найбольш блізкія адносіны ў Надзеі Іларыёнаўны склаліся з каляжанкай Аленай Берташ, якая, па словах жанчыны, у многім падобная да яе. Ніколі і нікога не пакрыўдзіць, не скажа чалавеку «не», калі  будзе неабходнасць у дапамозе.

– У Алены Уладзіміраўны заўсёды роўны, незалежны ад абставін настрой. А гэта так важна ў нашай справе!

Знаходзіць Надзея Карпеня час, каб заняцца грамадскімі справамі. У Дзяніскавічах яна – стараста, а жыццё роднай вёскі, яе будучыня, хвалююць жанчыну ніяк не менш, чым працоўная паўсядзённасць, хатнія клопаты.

… Пакідаючы  пасля размовы вясковы завулак, дзе ў дыхтоўным, па-гаспадарску, на сучасны манер пераробленым доме жыве сацыяльны работнік Надзея Карпеня, я ўзгадала словы, якія сказала жанчына ў самым пачатку нашай размовы: «Люблю ўсё прыгожае. Прыгожых людзей, прычым не толькі знешне, але і ўнутрана, прыгожыя сады, дамы, кветнікі. Ніколі не перастаю захапляцца прыгожымі адносінамі паміж мужчынам і жанчынай, назіраць за тым, як можна прыгожа спяваць, танчыць, гаварыць…»

А прыгажосць можа быць у вачах і душы толькі прыгожага, сапраўднага чалавека.

Галіна МІКАЛАЕВА.

Фота аўтара.