Бязвыплатнае донарства — акт міласэрнасці

donorstvo-kroviНі для каго не сакрэт, што пераліванне крыві і яе кампанентаў спрыяе выратаванню мільёнаў чалавечых жыццяў. Дзякуючы пераліванню можна працягнуць і зрабіць больш якасным жыццё пацыентаў, якія маюць яму пагрозу з-за хваробы, а таксама падтрымаць цяжкія медыцынскія і хірургічныя працэдуры.

Аднак, у многіх краінах попыт перавышае прапанову, а перад службамі крыві стаіць цяжкая задача — стварыць дастатковыя запасы крыві. Сёння толькі ў 62 краінах нацыянальныя запасы крыві заснаваны амаль на 100-працэнтным добраахвотным бязвыплатным донарстве крыві, а больш чым 40 краін да цяперашняга часу залежаць ад платных донараў.

Надзейныя рэзервы крыві можна забяспечыць толькі на аснове рэгулярнага, добраахвотнага і бязвыплатнага донарства.

“Максімум карысці хвораму — ніякай шкоды донару!” — гэты прынцып няўхільна выконваецца работнікамі службы крыві. Навуковымі даследаваннямі і практычнымі назіраннямі даказана, што стандартная кроваздача ў дозе 500 мілілітраў абсалютна бясшкодная і бяспечная для здароўя чалавека. Перыядычныя данацыі крыві аказваюць спрыяльнае стымулюючае ўздзеянне на арганізм донара. Людзі эвалюцыйна прыстасаваныя да кровапусканняў: гэта ўніверсальны механізм рэакцыі пры траўмах, а ў жанчын — частка функцыянавання арганізму.

Здаваць кроў асабліва карысна тым, чыя дзейнасць звязана з рызыкай кровастраты: ваеннаслужачым, работнікам МНС і МУС, ахоўнікам. Гэта абумоўлена тым, што донары больш устойлівыя да кровастраты, і калі аднолькавае раненне атрымае донар і чалавек, які ні разу не здаваў кроў, у першага шанцы выжыць значна вышэйшыя.

З гісторыі медыцыны вядома, што стагоддзі таму кровапусканні рабілі з лячэбнай мэтай. Пасля гэтага працэсу ў арганізме чалавека адбываецца актывізацыя кроватварэння — клетак чырвонага коснага мозгу і стымуляцыі імунітэту. Адчуваецца некаторая разгрузка органаў, якія ўздзельнічаюць ва “ўтылізацыі” паміраючых эрытрацытаў: селязёнкі, печані. У донараў таксама зніжаецца рызыка ішэмічнай хваробы сэрца, тромбаўтварэння, атэрасклерозу. Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пастаянныя донары крыві жывуць у сярэднім на 5 гадоў больш чым сярэднестатыстычны чалавек. Рэгулярная здача крыві падтрымлівае ўзровень халестэрыну на нізкім паказчыку, а таксама карысная для прафілактыкі ўсіх “хвароб назапашвання” — атэрасклерозу, падагры, парушэнняў стрававання, дзейнасці падстраўнікавай залозы, печані, асноўнага абмену рэчываў.

Дарэчы, бялкі плазмы крыві аднаўляюцца на працягу 3 — 5 дзён, трамбацыты і лейкацыты — 3 — 7 дзён, эрытрацыты — 1,5 — 2 месяцы, што абумоўлівае інтэрвал часу паміж здачамі крыві ў 2 месяцы.

Донарам крыві можа быць кожны дзеяздольны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 18-гадовага ўзросту, прайшоў медыцынскі агляд і не пакутуе на хваробы, пры якіх донарства супрацьпаказана. Таксама, патэнцыяльны донар павінен мець пастаянную рэгістрацыю ў дадзеным раёне не менш чым 6 месяцаў. Таксама, пры рэгістрацыі на кроваздачу донар абавязаны прад’явіць наступныя дакументы: пашпарт грамадзяніна РБ, даведку з паліклінікі аб перанесеных захворваннях, траўмах, аперацыях, вынік флюараграфіі органаў грудной клеткі, жанчыны павінны пры сабе мець заключэнне гінеколага (праходжанне — не радзей чым 2 разы на год), а мужчыны — ваенны білет.

У дзень здачы крыві неабходны шчыльны сняданак з максімальнай колькасцю вугляводаў і вялікай колькасцю вадкасці. А напярэдадні вечарам не рэкамендуецца тлустая, смажаная, вострая і вэнджаная ежа, а таксама малочныя прадукты і яйкі. Забаронена ўжыванне алкаголю за 2 сутак да працэдуры, прыём анальгетыкаў за 7 сутак. А таксама нельга курыць за 1 гадзіну да здачы. Жанчынам нельга здаваць кроў падчас менструацыі і 5 дзён пасля яе, а таксама ў перыяд цяжарнасці і лактацыі.

Па больш падрабязную інфармацыю звяртайцеся ў рэгістратуру донарскага аддзела станцыі пералівання крыві па тэлефонах: 2-19-33, 8-029-197-98-39, 8-033-380-83-52.

Таццяна МАЦВЕЕВА,

загадчык аддзялення камплектавання донарскіх кадраў.