Жыццё з верай у лепшае

Медыцынскія сёстры, напэўна, складаюць абсалютную большасць усіх медыцынскіх работнікаў. На іх плечы кладзецца вялікі цяжар адказнасці і аб’ём работы. І нельга аспрэчваць тое, што медыцынская сястра — галоўны памочнік урача, яго “правая рука”, і ў значнай ступені вынік лячэння пацыентаў залежыць менавіта ад яе дзеянняў.

Ала Кірыковіч працуе на пасадзе медыцынскай сястры вось ужо больш за чвэрць стагоддзя. Калі гаварыць шчыра, гэты факт прывёў мяне ў замяшальніцтва, бо міжволі пачала падлічваць, колькі ж гадоў павінна быць гэтай маладой, тоненькай, прыгожай жанчыне са звонкім голасам і небывалай лёгкасцю ў хадзе? Няўжо жыццё настолькі яе шкадавала, калі не “распісала” твар Алы Міхайлаўны маршчынкамі-павуцінкамі? Але, падчас гутаркі з гэтай цудоўнай жанчынай, я зразумела, наколькі моцна памылілася, думаючы аб яе бесклапотным лёсе.

З трэцяй спробы

Ала Кірыковіч родам з вёскі Чамля Пінскага раёна. Пасля 9 класаў дзяўчына вырашыла паступаць у Пінскае медыцынскае вучылішча. На пытанне, адкуль з’явілася такое жаданне звязаць сваё жыццё з медыцынай, жанчына адказала так: “Бывала, яшчэ ў дзяцінстве, калі траплялі з матуляй у бальніцу ў Лагішыне, мяне не пакідала незвычайнае пачуццё: мне падабалася тут абсалютна ўсё — пахі лекаў, чысціня, урачы ў бялюткіх халатах, усведамленне таго, што гэтыя людзі выконваюць такую адказную і пачэсную місію — ратуюць жыцці іншых. І такімі яны мне здаваліся велічнымі, што я даўно-даўно для сябе вырашыла звязаць жыццё з медыцынай, каб хоць крыху мець дачыненне да гэтай важнай справы”.

Але з першага разу атрымаць медыцынскую адукацыю ў Алы Кірыковіч не атрымалася: “Я адвучылася 2 тыдні, а потым так засумавала па родных, па вёсцы, па доме, што проста кінула ўсё і вярнулася ў школу. Праз год я зноў паспрабавала паступіць. Паступіла, але стыпендыі не атрымала. А ўлічваючы тое, што нас, дзяцей, у матулі было пяцёра, сумленне проста не дазволіла працягваць вучобу: я разумела, што матулі будзе вельмі складана ў фінансавым плане, а таму забрала дакументы. І вось праз год, ужо ў 11 класе, я для сябе вырашыла паспрабаваць у трэці раз. Галаву свідравала толькі адна думка: я павінна давесці справу да канца, як бы там ні было”.

Трэцяя спроба аказалася ўдалай: Ала Міхайлаўна была без праблем залічана ў Пінскае медвучылішча, якое скончыла з чырвоным дыпломам. Падчас дзяржаўных экзаменаў,  ёй прапанавалі працягваць вучобу: “Было два накіраванні для далейшага паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Я была на сёмым небе ад шчасця: збывалася мая мара… З радасцю прыехала дадому і падзялілася сваім шчасцем з матуляй, маўляў, хутка твая дачка атрымае магчымасць стаць студэнткай ВНУ. Але маім марам не наканавана было збыцца…”.

Цяжкае матэрыяльнае становішча не дазволіла матулі Алы Міхайлаўны блаславіць дачку на вучобу. “Я разумела, што мая сям’я не зможа забяспечыць мне дастойнае студэнцкае жыццё. Матуля мне ўсё растлумачыла, ёй хацелася, каб я хутчэй стала самастойнай, пачала зарабляць грошы і пайшла на свой хлеб. Мне было вельмі крыўдна, я перажывала і плакала, але ўжо тады разумела: інакш нельга, супраць бацькоўскай волі не пойдзеш. І я прыняла рашэнне”.

super-237

Медыцынскае

хрышчэнне

У той час многія выпускнікі вучылішча накіроўваліся на работу ў Магілёўскі абласны наркалагічны дыспансер. Не стала выключэннем і Ала Кірыковіч. Сабрала волю ў кулак і паехала ў Магілёў. Нібы жартам, лёс зноў “падкінуў” нечаканасць: яе, сціплую маладую медсястру, накіравалі ў наркалагічнае аддзяленне: “Толькі ўявіце: нявопытная, маладая, спалоханая — такой я з’явілася перад пацыентамі, якіх налічвалася да 120 чалавек. Самі разумееце, кантынгент не з лепшых, цяжкія хворыя, але дзецца не было куды. У мяне па жыцці дэвіз: як бы ні было цяжка — трэба верыць у лепшае і рабіць сваю работу. Так пачаўся мой працоўны вопыт”.

Першы месяц Ала Міхайлаўна і іншая моладзь працавалі пад наглядам і кіраўніцтвам старэйшых медсясцёр — больш вопытных калег. А вось першую ноч адзіночнага дзяжурства, калі ёй, маладой, нарэшце, даверылі аддзяленне, Ала Кірыковіч не забудзе ніколі. “Мне тады нехта сказаў: калі перажывеш без здарэнняў і праблем першыя суткі, далей будзе ўсё добра. Своеасаблівае баявое хрышчэнне. Але я вельмі баялася, што не спраўлюся. Было настолькі жудасна… Толькі ўявіце: ноч, велізарны пакой аддзялення, больш чым сотня чалавек, мужчын, і я адна. Да таго ж, у гэтыя суткі паступілі яшчэ 40 чалавек хворых і мне патрэбна было, каб з самай раніцы яны здалі ўсе аналізы, было ўсё напісана і распісана. Казаць шчыра, я думала, што не спраўлюся, мне не верылася, што такое магчыма зрабіць за некалькі гадзін. Але, узяла сябе ў рукі і адагнала негатыўныя думкі, настройвала сябе на лепшае. І збылося: аднекуль узяўся час, усё зрабіла і паспела. Як кажуць, вочы баяцца, а рукі робяць”.

Прыйшоўшы раніцай на змену, Ала Міхайлаўна адчула сапраўдны шок: у калідоры стаялі паўтары сотні мужчын. “Так было заведзена тады: кожную раніцу пацыенты выстройваліся, віталіся з медперсаналам і чакалі, скажам, распараджэнняў. Вызначаўся адзін чалавек, памочнік, які быў адказным за паводзіны, за выкананне абавязкаў і даручэнняў усімі астатнімі, праходжання працэдур, здачы аналізаў. І вось я, маленькая, худая ішла ў пачатак шарэнгі і думала, з чаго пачынаць, як знайсці агульную мову з такімі рознымі людзьмі. Ногі дрыжалі, сэрца выскоквала з грудзей, але я разумела, што калі зараз паказаць слабасць і нерашучасць,  потым я свой аўтарытэт не напрацую ніколі — мяне проста ніхто не будзе ўспрымаць усур’ёз”.

І вось, параўняўшыся з адказным, які “далажыў” аб тым, што ніякіх здарэнняў за ноч не адбылося, у мяне пытаюцца: “Ала Міхайлаўна, якія будуць даручэнні?”. А я спалохалася і цвёрда адказала: “Даручэнняў ніякіх. Толькі адна просьба: давайце, калі ласка, жыць дружна…”. Грымнуў мужчынскі смех, а Ала Кірыковіч з таго часу стала ўсеагульнай любіміцай і прызнаным аўтарытэтам.

Не работа, а занятак па душы

У той год Ала Міхайлаўна выйшла замуж за свайго аднавяскоўца. Мужу Алы Кірыковіч Уладзіміру прапанавалі работу ў Ганцавічах з прадастаўленнем жылля, а таму маладая сям’я ў хуткім часе пераехала. Так, з 1986 года Ала Міхайлаўна і яе сям’я жывуць у Ганцавічах. У гэты ж час у маладой сям’і нарадзілася першая дачка, а крыху больш чым праз год Але Кірыковіч прапанавалі пасаду ў Ганцавіцкай ЦРБ, і яна без ваганняў выйшла з дэкрэтнага адпачынку раней часу. “З сакавіка 1988 года я і працую на сваім участку. Многа ўрачоў змянілася з таго часу, але маё жаданне быць участковай медыцынскай сястрой не знікла да сённяшняга дня. А ўсё дзякуючы Зінаідзе Уладзіміраўне Руднікевіч, былому тэрапеўту бальніцы, якая і стала маім натхняльнікам, першай калегай і настаўнікам. Можа, дзякуючы яе самааддачы, мне і перадалася ў поўнай меры такая моцная любоў да гэтай нялёгкай справы”.

Работа медыцынскай сястры — гэта заўсёды цесныя зносіны з людзьмі. Па словах Алы Кірыковіч, яна бачыць у гэтым адны плюсы: “Мне заўсёды падабалася размаўляць з людзьмі, хацелася дапамагаць. А якая работа, як не мая, найбольш адпавядае гэтым жаданням? І мне важна разумець, што я дапамагаю людзям, што яны ідуць па дапамогу да мяне, хоць я і не ўрач. Але усё ж маю дачыненне да такой важнай справы. І калі немагчыма дапамагчы таблеткамі, заўсёды можна падтрымаць чалавека добрым словам, якое, часам, лечыць нічым не горш за антыбіётык”.

  І сапраўды, работа медыцынскай сястры — важная і адказная. “З цягам часу, з вопытам, я навучылася бачыць з першых хвілін гутаркі з пацыентам, як варта дзейнічаць, каб яго разгаварыць, каб ён табе даверыўся і расказаў пра ўсе свае праблемы, пра тое, што яму баліць і што непакоіць. Камусьці трэба ласкавае слова, а камусьці, наадварот, націск і сур’ёзнасць. А таму медыкі — яшчэ і цудоўныя псіхолагі і суразмоўцы. Ну і, канечне, галоўнае ў нашай рабоце — любоў і дабрыня. Без гэтага нікуды”.

Але ж і сапраўды. Гаварыць пра тое, што ў працы медыка можа прывабліваць занадта высокая заработная плата не прыходзіцца. Папяровай пісаніны многа, пацыенты таксама бываюць розныя і часам канфлікту проста не пазбегнуць. А таму, ніхто не будзе спрачацца што, каб адпрацаваць усё жыццё медыцынскай сястрой і ні разу не пажадаць змяніць сваю работу, ніводнага разу не пашкадаваць аб зробленым выбары, не згубіць аптымізм,  любоў да людзей, неабходна проста быць адданым сваёй справе ў поўнай меры, быць проста на сваім месцы.  І Ала Кірыковіч вось ужо 28 гадоў працуе на пасадзе медыцынскай сястры, на “сваёй” пасадзе.

У сутках больш

чым 24 гадзіны

Нягледзячы на катастрафічную занятасць на рабоце: палову дня ўрач і ўчастковая медыцынская сястра працуюць на прыёме ў кабінеце, потым гадзіна “папяровай” работы і запаўнення дакументацыі, а пасля — работа па хатніх выкліках на ўчастках — Ала Міхайлаўна — прыкладная жонка, маці і бабуля. “Я проста вельмі люблю сваю сям’ю. Мне 52 гады, я ўжо 2 гады на заслужаным адпачынку і, здавалася б, можна не працаваць і ў поўнай меры прысвяціць сябе дзецям, унукам, каханаму мужу. Але ў маіх сутках больш чым 24 гадзіны — я паспяваю ўсё (смяецца). І на рабоце пабегаць па выкліках, выканаць усе хатнія справы, і дзецям дапамагчы, і з унукам панянчыцца, і знайсці час для свайго хобі — кулінарыі, каб парадаваць сваіх любімых нечым смачным. Да таго ж, я сапраўдны аматар адпачынку на прыродзе, які дае мне сілы і супакойвае душу. Усе мы людзі, і бывае, што негатыў трэба куды-небудзь выліць. На сваіх блізкіх — нельга. На рабоце — не маем права. А таму ў такія хвіліны я збіраюся і еду на веласіпедзе ў лес. Пахаджу, падумаю там сама сабе, адна, і вяртаюся дадому іншым чалавекам, чыстым, напоўненым сіламі і жаданнем далей жыць”.

Над пытаннем “Аб чым вы марыце?” Ала Міхайлаўна доўга не думала: “Я мару, каб усе былі здаровымі. Мае родныя і блізкія, мае дзеткі і ўнукі, мой дарагі муж, мае пацыенты… усе на свеце. І каб разумелі, што шчасце — у простых рэчах, дробязях, момантах. Не стане шчаслівым той, хто жыве толькі для сябе, хто бачыць радасць у матэрыяльным і імкнецца толькі да гэтага. Сапраўдны сэнс жыцця — быць патрэбным, любімым і здаровым. І ўсё гэта аддаваць, не шкадуючы”.

Ксенія ЛУЦКО.