У «Настаўніцкай газеце» выйшаў матэрыял пра ўстановы адукацыі Ганцавіцкага раёна

У «Настаўніцкай газеце» выдавецкага дома «Педагагічная прэса» за 26 студзеня бягучага года выйшаў артыкул «У адной камандзе», у якім апублікаваны вынікі прэс-тура па ўстановах адукацыі Ганцавіцкага і Баранавіцкага раёнаў. Прапануем вашай увазе публікацыю па выніках першага дня, падчас якога карэспандэнт «НГ» пабываў на Ганцаўшчыне.
Што неабходна рабіць, каб, захоўваючы адукацыйныя і культурныя традыцыі рэгіёна, смела рухацца наперад?
Багаты педагагічны вопыт, захаванне мясцовых традыцый і ўсебаковае развіццё вучняў робяць рэгіянальныя сістэмы адукацыі адметнымі і перспектыўнымі, бо кожны на сваім месцы імкнецца ісці ў нагу з часам. А калі ўсе памкненні падмацаваны падтрымкай кіраўніцтва, то працаваць значна прасцей. Прынамсі, у Ганцавіцкім раёне сістэма адукацыі працуе зладжана, бо кожны кіраўнік адчувае плячо калег і начальніка аддзела па адукацыі.
Наш прэс-тур пачаўся рабочай сустрэчай з намеснікам старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Сяргеем Сарокавым і начальнікам аддзела па адукацыі Надзеяй Здрок. Тэмай размовы стала падпіска на выданні Выдавецкага дома, а таксама педагагічныя і вучнёўскія дасягненні раёна.
І Сяргей Вітальевіч, і Надзея Уладзіміраўна гаварылі пра моцны дырэктарскі корпус і паспяховую камандную работу, якія і прыводзяць да перамог.
“Усе нашы навучальныя ўстановы маюць свае асаблівасці, развіваюць свае праекты. Разам з тым мы ўсе — адна педагагічная каманда, таму дапамагаем і падтрымліваем адно аднаго”, — заўважыла Надзея Уладзіміраўна.

Ганцавіцкі раён невялікі, але прыметны ў сістэме адукацыі. Калі прыехалі ў Раздзялавіцкую сярэднюю школу, то захапляцца пачалі ўжо ў фае, дзе была арганізавана выстава вышытых ручнікоў і твораў мясцовага майстра разбяра па дрэве Георгія Дубоўскага. У школе старанна захоўваюць культурную спадчыну свайго аграгарадка. Гэтыя мясціны славяцца асаблівай вышыўкай і танцамі. У навучальнай установе дзейнічае фальклорны калектыў “Радавод”. Асаблівая ўвага ўдзяляецца захаванню гістарычнай памяці і духоўна-маральнаму выхаванню. Тут вучнёўска-педагагічны калектыў цесна супрацоўнічае з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Люсінская сярэдняя школа імя Якуба Коласа вядома тым, што тут у свой час два гады працаваў класік беларускай літаратуры. У школе дзейнічае адпаведны музей. Нашай увазе было прадстаўлена развіццё фізічнага выхавання школьнікаў праз пераемнасць паміж пакаленнямі педагогаў. Шматлікія кубкі, сабраныя ў спецыяльнай шафе, сведчаць толькі пра адно: дзеці ў Люсінскай школе спорт любяць.
Гімназія Ганцавіч знаёміла з арганізацыяй пазаўрочнай дзейнасці. І трэба адзначыць, што яна тут вядзецца на высокім узроўні. Многія настаўнікі-прадметнікі паспяхова рыхтуюць сваіх падапечных да алімпіяд, навуковых канферэнцый. Акрамя таго, ідзе грунтоўная падрыхтоўка да ЦЭ і ЦТ. Стабальныя вынікі мінулага года гавораць самі за сябе: і настаўнікі, і вучні ставяцца да гэтага працэсу вельмі адказна».
Прачытаць матэрыял цалкам можна на сайце выдавецкага дома «Педагагічная прэса».