Школа ў Дзяніскавічах: гісторыя ў лічбах і імёнах

 

Установе адукацыі “Дзяніскавіцкі яслі-сад — сярэдняя школа” спаўняецца 50 гадоў. З гэтай нагоды настаўнік гісторыі  ўстановы Таццяна Дзенісеня даслала ў рэдакцыю раёнкі артыкул, у якім на лічбах і прозвішчах тых, хто вучыўся ці працаваў у школе, нагадвае яе гісторыю. Гэтыя вехі, выкладзеныя ў артыкуле, мы прапануем увазе нашых чытачоў.

“Ідуць гады, дзесяцігоддзі, і становяцца гісторыяй. Больш чым сорак гадоў назад з торбачкамі за плячыма бегалі ў школу мае бацькі. Пазней спяшалася ў яе і я, і мой аднавясковец — будучы муж, потым нашы сыны. Спяшаюся ў школу я і зараз, толькі ўжо ў якасці настаўніка. Сёння мне хочацца вярнуцца крышку ў мінулае і нагадаць аб тым, як развівалася ў маёй вёсцы сістэма адукацыі.

У 1870 годзе ў Дзяніскавічах пачала працаваць царкоўна-прыходская школа, якая размяшчалася ў хаце Герасіма Зялёнкі, і вучыліся ў ёй усяго 6 ці 7 вучняў. Але існавала яна нядоўга, — настаўнік неўзабаве выехаў. Першы школьны будынак у вёсцы быў пабудаваны ў 1890 годзе, тады ў школе вучыліся 15 вучняў. У 1904 годзе быў пабудаваны новы будынак школы, бо стары згарэў.

Першым у новай школе пачаў працаваць настаўнік Аляксандр Завістовіч, і вучыліся тут ужо каля 50 чалавек. Навучанне вялося на рускай мове.

У вёсцы Еськавічы, якая зараз уваходзіць як трэцяя частка ў склад Дзяніскавіч, да 1913 года будынка школы не было, дзеці вучыліся ў сялянскай хаце. Да 1917 года школу скончылі 4 вучні, двое з іх сталі настаўнікамі. Гэта Лаўрэнцій Сукач і Гаўрыіл Зялёнка.

Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 годзе ўся Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польшчы, у тым ліку і наша вёска. Школы з выкладаннем на рускай мове закрылі. Але ўжо ў 1923 годзе ў Дзяніскавічах адкрылася пачатковая школа з выкладаннем на польскай мове. Такія польскамоўныя школы працавалі ў Дзяніскавічах і Еськавічах. З 1935 года Дзяніскавіцкая школа была пераведзена ў разрад сямігодак. Сёмы клас адсутнічаў, было два шостыя класы. Да 1939 года, за ўвесь перыяд польскага панавання, шасцігадовую адукацыю атрымалі каля 70 чалавек. Адна з іх Анастасія Уласаўна Берташ.

Велізарныя змены ў жыццё вёскі прынёс 1939 год, калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР. У гэтым жа годзе прыехаў з Гомеля настаўнік Атрошчанка. Ён быў вельмі малады, спецыяльнай адукацыі не меў. У вёсцы на той час існавала сямігадовая школа, у якой у 9 класах вучыліся 150 вучняў. Працаваў ён у Дзяніскавічах да 1941 года, да пачатку вайны. У 1940 — 1941 навучальным годзе ў школе было ўжо 12 класаў, у якіх вучыліся 200 вучняў. Дырэктарам працаваў Міхаіл Іванавіч Музычэнка. У 1941 годзе сямігадовую адукацыю атрымалі 18 чалавек, сярод якіх 5 дзяўчынак. Выпускнікі вучыліся на курсах механізатараў, у тэхнікумах. Напрыклад, Ульяна Сцяпанаўна Карпеня ў Гродзенскім кааператыўным тэхнікуме, Мікалай Аляксеевіч Зялёнка — у сельскагаспадарчым, Мікалай Бруй і Фядос Швайка — на педкурсах у Пінску (да гэтага яны вучыліся ў Лунінцы). У школе дзейнічалі піянерская і камсамольская арганізацыі, сакратаром камсамольскай арганізацыі быў Пётр Якімавіч Берташ.

Вялікая Айчынная вайна надоўга перапыніла работу школы ў Дзяніскавічах. Толькі пасля вызвалення ў ліпені 1944-га года тут адкрылася сямігадовая школа. У 1944 — 1945 навучальным годзе тут было 5 класаў — самы вышэйшы клас — 5, у 6 і 7 класах вучняў не было. У 1946 годзе быў першы выпуск — школу закончылі 12 чалавек, з іх 3 дзяўчынкі.

У 1947 годзе пабудавалі новы будынак школы, дырэктарам з 1 верасня 1944 года па 1 верасня 1950 года ў ёй працаваў Даніла Маркавіч Мануленка. Усё жыццё працавала ў нашай школе дачка Данілы Маркавіча — Святлана Данілаўна Наўроцкая. Яна сумяшчала работу настаўніка хіміі і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. Многія выпускнікі школы і па сённяшні дзень удзячны Святлане Данілаўне за атрыманыя выдатныя веды па прадмеце.

З 1 верасня 1950 па 1 верасня 1955 года дырэктарам сямігодкі пасля заканчэння ў 1949 годзе Ганцавіцкага педагагічнага вучылішча працаваў Аляксандр Васільевіч Зялёнка.

З 1962 года школа стала васьмігадовай, дырэктарам васьмігодкі да 1 верасня 1967 года працаваў Яўгеній Міхайлавіч Баранаў, а потым ён з сям’ёй пераехаў у Малькавічы, дзе працягваў працаваць настаўнікам да выхаду на заслужаны адпачынак.

У студзені 1966 года школа размясцілася ў новым прасторным трохпавярховым будынку, разлічаным на 700 — 800 вучняў. З гэтага года яна стала дзесяцігодкай. Дырэктарам установы з 1 верасня 1967 года па 1 верасня 1970 быў Міхаіл Ісідаравіч Берташ, настаўніцай пачатковых класаў працавала і яго жонка Лідзія Сцяпанаўна. Да 1993 года Міхаіл Ісідаравіч выкладаў матэматыку і тэхнічную працу ў роднай школе. 1966 год адзначаецца першым выпускам вучняў з сярэдняй адукацыяй. Выпускнікі 1967 года Леанід Савіч Берташ і Аляксандр Аляксандравіч Берташ закончылі школу з сярэбранымі медалямі.

З 1 верасня 1970 года па 1 верасня 1973 года пасаду дырэктара Дзяніскавіцкай сярэдняй школы заняў Сяргей Міхайлавіч Лыскавец, а потым да 1 студзеня 1987 года на ёй шчыравала Соф’я Мікалаеўна Дамашык (НА ЗДЫМКУ ЎВЕРСЕ). Менавіта Соф’я Мікалаеўна была ініцыятарам стварэння на базе школы гісторыка-краязнаўчага музея: яна разам з вучнямі пачала збор экспанатаў, адлюстроўваючых гістарычнае мінулае вёскі Дзяніскавічы і вяла актыўную перапіску з людзьмі, якія ўдзельнічалі ў вызваленні раёна і непасрэдна вёскі Дзяніскавічы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кожны год настаўнікі і вучні ўдзельнічалі ў святкаванні Дня Перамогі, на свята запрашалі і ветэранаў.

З верасня 1975 года ў школе пачалі працаваць секцыі дзіцячай спартыўнай школы, філіял Ганцавіцкай музычнай школы. Музыку выкладала Тамара Паўлаўна Пісарык.

Вышэйшую адукацыю да 1976 года атрымалі 110 вучняў, чацвёра з іх маюць вучоную ступень. Выпускніца 1983 — 1984 навучальнага года Жанна Станіславаўна Наўроцкая ўзнагароджана залатым медалём за выдатныя веды. З 1987 да 1996 года залатыя медалі атрымалі: Галіна Міхайлаўна Занька, Святлана Барысаўна Карпеня і Наталля Іванаўна Сасікайла, Наталля Мікалаеўна Глеб, Таццяна Іванаўна Дзенісеня і Лілія Мікалаеўна Ленкавец, Станіслаў Вячаслававіч Трапачка. Сярэбранымі медалямі ўзнагароджаны: Любоў Сямёнаўна Зялёнка і Сяргей Вітальевіч Сарокаў, Уладзімір Мікалаевіч Бруй і Галіна Барысаўна Швайко, Галіна Міхайлаўна Берташ і Любоў Фёдараўна Бруй, Жанна Іванаўна Сукач і Жанна Піліпаўна Швайка, а таксама Аксана Іванаўна Дзенісеня і Вераніка Віктараўна Мартышкіна. Сярод тых, хто пазней атрымаў узнагароды за выдатныя веды: Іна Віктараўна Берташ і Людміла Іванаўна Корань, Таццяна Міхайлаўна Швайка, а таксама Святлана Іванаўна Сташанін і Алена Антонаўна Галуза, Святлана Міхайлаўна Сташанін, Алена Дзмітрыеўна Новік, Вольга Іванаўна Сташанін, Аляксандр Фёдаравіч Захарчэня, Наталля Фёдараўна Захарчэня, Ганна Алегаўна Берташ.

З 1 студзеня 1987 года па 1 верасня 1995 года дырэктарам школы працаваў Уладзімір Міхайлавіч Шахрай, які да гэтага часу працуе настаўнікам фізічнай культуры. На працягу 1995 — 1996 навучальнага года абавязкі дырэктара выконвала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Тамара Міхайлаўна Заяц, якая аддала рабоце ў школе 29 гадоў. З 1 студзеня 1997 года па 1 верасня 2001 года ўстанову ўзначальваў Барыс Рыгоравіч Сукач, які ў розныя гады выкладаў дапрызыўную падрыхтоўку і хімію, а зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. З 1 верасня 2001 года і да сённяшняга дня дырэктарам школы працуе Аляксандр Анатольевіч Маркавец. Гадоў пяць назад да школы далучаны дзіцячы садок і яна перайменавана ў дзяржаўную ўстанову адукацыі “Дзяніскавіцкі яслі-сад — сярэдняя школа”.

За час існавання школы з яе сцен выйшлі сотні дастойных людзей, якімі можна ганарыцца. Сярод іх Іван Сцяпанавіч Рулінскі, доктар сельскагаспадарчых навук, Іван Андрэевіч Гардзей, доктар біялагічных навук, Аляксандр Сямёнавіч Кляўчэня, доктар філасофскіх навук, прафесар БДУ, Міхаіл Сямёнавіч Кляўчэня, кандыдат педагагічных навук, Соф’я Фёдараўна Карпеня, кандыдат сельскагаспадарчых навук. Многія з выпускнікоў звязалі сваё жыццё са службай ва Узброеных Сілах і дастойна нясуць службу. Нашы выпускнікі плённа працуюць настаўнікамі, урачамі, будаўнікамі, жывёлаводамі. Галіна Мікалаеўна Пупач, кіраўнік дзіцячага літаратурнага аб’яднання “Верасок”, якое вядома не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі, таксама выпускніца нашай школы. Намеснік старшыні Ганцавіцкага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Вітальевіч Сарокаў — мы таксама ім можам ганарыцца.

Сёння хочацца ўспомніць людзей, якія аддалі жыццё рабоце ў нашай школе, а зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Сярод іх Нона Савельеўна Дзенісеня, Іван Тарасавіч Сасікайла, Барыс Сідаравіч Рулінскі, Тамара Міхайлаўна Заяц, Святлана Данілаўна Наўроцкая, Марыя Канстанцінаўна Пупач, Праскоўя Піліпаўна Герман, Ніна Юльянаўна Цыган, Барыс Рыгоравіч Сукач, Ніна Дзмітрыеўна Рулінская, Анастасія Паўлаўна Зялёнка, Алена Фёдараўна Зялёнка. Многія з тых, хто шчодра дзяліўся сваімі ведамі з вучнямі, хто вучыў іх не толькі чытаць і пісаць, але і быць дастойнымі людзьмі, пайшлі з жыцця. Але яны не забыты, і напярэдадні юбілею ўспомнім і іх прозвішчы. Гэта — Міхаіл Ісідаравіч Берташ, Сяргей Міхайлавіч Лыскавец, Сяргей Фадзеевіч Пупач, Канстанцін Еўдакімавіч Нікановіч, Іван Сямёнавіч Лазовік, Леанід Лявонцьевіч Груша, Апанас Уласавіч Берташ, Марыя Яфімаўна Супрыяновіч, Любоў Мітрафанаўна Карпеня, Соф’я Мікалаеўна Дамашык, Лідзія Сцяпанаўна Берташ, Аліна Якаўлеўна Ліцкевіч, Яўгенія Леанідаўна Лазовік, Іларыён Рыгоравіч Сукач, Марыя Іосіфаўна Дзенісеня, Ксенія Акімаўна Новік, Галіна Рыгораўна Берташ.

Шмат добрых слоў можна сказаць і ў адрас тых настаўнікаў, якія працуюць зараз — яны гэтага заслугоўваюць. У нас зараз працуюць 19 настаўнікаў і выхавальнікаў.

Напярэдадні вечара сустрэчы з выпускнікамі ад імя калектыву і адміністрацыі ДУА “Дзяніскавіцкі яслі-сад — сярэдняя школа” запрашаем усіх выпускнікоў юбілейных выпускаў, медалістаў, а таксама настаўнікаў, якіх у розныя гады лёс звязваў з работай у Дзяніскавіцкай школе на “Вечар школьных сяброў”, які адбудзецца 6 лютага 2016 года ў 19.00 у актавай зале школы.

Таццяна ДЗЕНІСЕНЯ,

настаўнік гісторыі,

захавальнік музея,

старшыня прафкама ДУА “Дзяніскавіцкі яслі-сад —

 сярэдняя школа”,

выпускніца 1995 года выпуску, залаты медаліст”.

Фота з архіва школы.

 image02 image7 image012

2 thoughts on “Школа ў Дзяніскавічах: гісторыя ў лічбах і імёнах

  • 05.02.2016 в 07:56
    Permalink

    Поздравления родной школе и коллективу с юбилеем.
    Выпускники, предлагаю собраться на встречу в субботу и поздравить нашу школу!

  • 05.02.2016 в 13:48
    Permalink

    А какие школы еще в этом году юбиляры?

Обсуждение закрыто.