Хвіліна славы
Сапраўдным парадам маладых талентаў Ганцаўшчыны завяршыўся мінулы рабочы тыдзень: у гарадскім Доме культуры прайшоў фінал раённага агляду-конкурсу дзіцяча-юнацкай творчасці “Хвіліна славы”. Свята атрымалася сапраўды незабыўным: юныя таленты, якія прайшлі ўжо адборачныя туры і паўфіналы, спявалі і танцавалі, дорачы прысутным цудоўныя эмоцыі і, упэўнена, заваёўваючы іх сэрцы. Было зразумела: кожны з рабят на самай справе заслугоўвае сваю хвіліну славы.
У канцэрце ўдзельнічалі 25 фіналістаў з усіх устаноў адукацыі раёна. У цэлым жа, пераможцы конкурсу вызначаліся ў некалькіх намінацыях, кожная з якіх так або інакш звязана з праяўленнем творчых здольнасцей у дзяцей і падлеткаў.
Фінальны канцэрт атрымаўся па-сапраўднаму яркім. Яго ўдзельнікі прадставілі на суд гледачоў разнастайныя музычныя і танцавальныя нумары на любы густ. Тое, што таленавітай моладзі на Ганцаўшчыне хапае, зразумела даўно — гэта даказваюць шматлікія канцэрты, конкурсы, якія праводзяцца ў тым жа Доме культуры, а таксама перамогі нашых рабят на конкурсах і спаборніцтвах рознага ўзроўню. Але “Хвіліна славы” ўнікальная тым, што, часам, нечакана адкрывае публіцы тыя таленты, якія, як сказалі вядучыя, “раней сціпла адседжваліся ў зале і толькі марылі пра сцэну”. Ці варта казаць пра неацэннае значэнне такіх конкурсаў як для нас, гледачоў, так і для іх удзельнікаў, якія вось такім чынам, напэўна, адкрываюць новую старонку ў сваім жыцці?
…Перад журы “Хвіліны славы” паўстаў сапраўды цяжкі выбар: кожны з рабят быў добры па-свойму. Але ж лепшыя ў сваіх намінацыях былі аб’яўлены. У намінацыі “Вакальная творчасць” (ансамблевае выкананне) перамог ансамбль “Крэда” Ганцавіцкага РЦДЮТ. Дар’я Кісялевіч з таго ж РЦДЮТ стала першай у намінацыі “Вакальная творчасць” (сольнае выкананне). Пераможцы ў намінацыі “Харэаграфічная творчасць” — рабяты з танцавальнага калектыву “Элемент” (старэйшая група). У намінацыі “Мастацтва фатаграфіі” лепшым стаў Павел Супрун з Круговіцкай СШ. Прадстаўнікі гуртка “Вясёлка” СШ № 1 г. Ганцавічы перамаглі ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва”, а ў намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” — рабяты з гуртка “Рукадзелле” гімназіі г. Ганцавічы і Алена Антановіч з Ганцавіцкай СШ. Акрамя ўсяго, былі вызначаны і лепшыя вядучыя. Бясспрэчны пераможца ў намінацыі “Канферанс” — гімназіст Ілья Клімавец. Але нельга не адзначыць і іншых вядучых, асабліва маленькіх, якія ўпэўнена і па-даросламу трымаліся на сцэне. Ну, і галоўную інтрыгу — хто ж стаў пераможцам раённага конкурсу-агляду “Хвіліна славы” — раскрыў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сарокаў: з перамогай ён павіншаваў калектыў “Крутыя пацаны” з гімназіі. Акрамя таго, Сяргей Вітальевіч аб’явіў, што для рабят — фіналістаў конкурсу, “БРСМ” і Беларускі фонд міру выступяць спонсарамі паездкі па турыстычным маршруце Беларусі. Усе фіналісты конкурсу, якія не занялі прызавыя месцы, атрымалі дыпломы.
Вікторыя ПРЫКОТА.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі “Хвіліны славы”.
Фота аўтара.
Фотарэпартаж на http://www.gants.by/?p=17021