Дастойнае выступленне
З 14 па 17 верасня ў горадзе Тбілісі прайшоў чэмпіянат свету па вольнай барацьбе сярод юніёраў. Прыемна, што гонар зборнай Беларусі на гэтых спаборніцтвах абараняла і выхаванка СДЮШАР г. Ганцавічы Таццяна Блінкоўская (першы трэнер Аляксей Клявец).
У вагавой катэгорыі да 38 кілаграмаў саперніцамі Таццяны былі яшчэ каля 10 спартсменак з усяго свету. Дарэчы, у гэтай вагавой катэгорыі ганцаўчанка была самай малодшай па ўзросце.
На жаль, Таццяне Блінкоўскай, каб узняцца на п’едэстал гонару, крышачку не хапіла. Наша спартсменка з лікам 4:5 саступіла ў паўфінальным паядынку за бронзу прадстаўніцы Егіпта і, такім чынам, заняла 5 месца. Адзначым, што вынікі ганцаўчанкі і прадстаўніцы Магілёва (абедзве занялі 5 месцы ў сваіх вагавых катэгорыях) сталі лепшымі ў складзе зборнай нашай краіны.
Гэты вынік можна таксама лічыць поспехам і асабіста для нашай маладой спартсменкі, якая зараз вучыцца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву ў горадзе Плешчаніцы, Мінская вобласць (цікава, што там дзяўчына таксама трэніруецца ў трэнера, ураджэнца Ганцаўшчыны, Аляксандра Касцюкова). На сёлетнім першынстве Еўропы Таццяна Блінкоўская заняла 10 месца, а ўжо на чэмпіянаце свету стала 5-й. Прагрэс відавочны, таму спадзяёмся, што галоўныя поспехі Таццяны яшчэ наперадзе.
Уладзімір САКАЛОЎ.
Поздравляю Татьяну с успешным выступлением.