Справай слаўны чалавек

У аграгарадку Агарэвічы быў толькі адзін аўтобусны прыпынак, які знаходзіўся ў цэнтры населенага пункта. Жыхары вуліцы Кастрычніцкай, а таксама вёскі Новыя Агарэвічы неаднаразова звярталіся да кіраўніцтва раёна з просьбай зрабіць яшчэ адзін прыпынак, які негалосна існаваў з даўніх часоў каля дарожнага паказальніка з надпісам “Новыя Агарэвічы”. У просьбе было адмоўлена.

Леонид ЦУПРИК

Але ж гэты аўтобусны прыпынак быў патрэбны і іншым жыхарам нашага раёна. Напрыклад, я часта прыязджаю ў Агарэвічы, бо тут жывуць самыя блізкія і родныя мне людзі.

Раней было проста. Папрашу вадзіцеля спыніцца ў пачатку Агарэвіч — заўсёды спыняўся. Сітуацыя змянілася некалькі гадоў назад. Вадзіцелі пачалі вінавата разводзіць рукамі: няма знака прыпынку — спыняцца забаронена, у іншым выпадку іх чакае пакаранне.

Атрымлівалася, што я выходзіла з аўтобуса ў цэнтры аграгарадка, затым ішла назад крыху больш чым 800 метраў да паказальніка “Новыя Агарэвічы” і далей. На гэтым участку дарогі, які трэба пераадолець, звяртае на сябе ўвагу адсутнасць бяспечных пешаходных шляхоў, тратуараў няма, людзі ідуць па праезнай частцы. Нават у будны дзень паток машын вельмі інтэнсіўны.

Мяне ўвесь час непакоілі думкі, што негалосны прыпынак трэба ўзаконіць. Так будзе лепш для ўсіх.

У канцы мая гэтага года я вырашыла звярнуцца з праблемай да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7 Леаніда Аляксандравіча Цупрыка. Мы, выбаршчыкі, даўно заўважылі, што наш дэпутат абраў разумны стыль работы — ён па чарзе наведвае сельсаветы, што дазваляе іх жыхарам у поўнай меры выкарыстаць сваё права на зварот. Леанід Аляксандравіч пастаянна падтрымлівае кантакт з людзьмі.

Прыемна, што раённая газета пастаянна папярэ-джвае жыхароў раёна аб прыездзе дэпутата, інфармуе, калі і па якім нумары можна патэлефанаваць, аб часе асабістага прыёму. Гэта, на мой погляд, павышае якасць удзелу дэпутата ў жыцці нашага раёна.

У сваю чаргу Леанід Аляксандравіч вывучае сітуацыю на месцах, атрымлівае інфармацыю аб праблемах людзей.

Я ўжо чатыры гады на пенсіі, удзельнічала ва ўсіх выбарах, але не памятаю ні аднаго дэпутата, які так цесна працаваў з народам, які не адну просьбу не пакідае па-за ўвагай, які нераўнадушны да чужога болю і патрэб. Ён не дае пустых абяцанняў. Дэпутат з павагай ставіцца да сваіх выбаршчыкаў і хутка рэагуе нават на адзін толькі тэлефонны званок.

Я вельмі ўдзячна Леаніду Аляксандравічу за чалавечае разуменне і аператыўнае вырашэнне пытання — зрабіць прыпынак у Агарэвічах законным. Здзівіла тое, што наш дэпутат, нават не задумваючыся, знайшоў разумны варыянт — зрабіць прыпынак па патрабаванні. Запісаў мой адрас і тэлефон. А пасля я атрымала тры пісьмы. Першае — з участка “Ганцавічы” філіяла “Аўтамабільны парк № 10 г. Лунінца” аб тым, што мой зварот перададзены ў Ганцавіцкае ДРБУ № 100. У другім пісьме КУП “Брэст-аблдарбуд” паведамлялася, што выкананы работы па абсталяванні прыпынку па патрабаванні ў пачатку Агарэвіч. Трэцяе пісьмо прыйшло зноў з аўтапарка. У пісьме давялі да ведама, што з 5 ліпеня 2017 года прыпынак уводзіцца на маршруце Ганцавічы — Чудзін.

І яшчэ быў апошні, кантралюючы момант у рабоце дэпутата са зваротамі грамадзян, які мяне прыемна ўразіў. Мне патэлефанавала памочнік Леаніда Аляксандравіча. Яна цікавілася, ці ўсе работы праведзены на самай справе, на якім узроўні, ці задаволена я вынікам звароту.

Вядома, задаволена, і хочацца сказаць вялікі дзякуй нашаму дэпутату і яго памочніку за дапамогу.

А яшчэ слоў удзячнасці заслугоўваюць людзі, пра якіх у мяне склалася вельмі добрае ўражанне. З некаторымі з іх я размаўляла не адзін раз па тэлефоне, бо ў іх кампетэнцыі знаходзілася вырашэнне майго пытання. Намеснік старшыні райвыканкама Віталь Расціслававіч Пракурат з разуменнем паставіўся да набалелага, згадзіўся, што прыпынак патрэбны, абяцаў падтрымаць пры неабходнасці. Начальнік участка “Ганцавічы” філіяла “Аўтамабільны парк № 10 г. Лунінца” Уладзімір Фёдаравіч Кулашчык праяўляе вялікі клопат аб пасажырах, імкнецца зрабіць нашы паездкі ў аўтобусах камфортнымі і бяспечнымі. Начальнік Ганцавіцкага ДРБУ № 100 Алег Рыгоравіч Дайлід зрабіў добрую справу. Мы спадзяваліся на дапамогу з яго боку, і яна была аказана двойчы. Гэты кіраўнік умее трымаць слова і даводзіць усе справы да канца. Спачатку з’явіўся прыпынак з аднаго боку дарогі, а потым — з другога. Для нас гэты прыпынак як падарунак, які прыносіць добры настрой.

Хочацца сказаць словы ўдзячнасці і старшыні Агарэвіцкага сельвыканкама Святлане Уладзіміраўне Агейка. Яна як прадстаўнік улады спагадліва і ўважліва ставіцца да ўсіх людзей і нераўнадушная да праблем жыхароў сельскай мясцовасці. Святлана Уладзіміраўна таксама прасіла аб адкрыцці прыпынку. Цяпер я ўпэўнена, што ў кіраўніцтва нашага раёна ёсць не толькі імкненне, але і жаданне вырашаць праблемы людзей. І гэта радуе.

Дзявятага ліпеня я са сваім унукам заходжу ў аўтобус, хлопчык адразу гучна аб’явіў, што едзем у Агарэвічы. А я ўпершыню без хвалявання ўдакладніла, каб вадзіцель высадзіў нас у пачатку Агарэвіч, на прыпынку.

Калі выйшла з аўтобуса, упершыню агледзела абодва прыпынкі. Пра сябе адзначыла, што спецыялісты ДРБУ-100 добра падумалі і выбралі самае бяспечнае месца.

Іду далей і разважаю, што Агарэвічы — вельмі прыгожы населены пункт, які знаходзіцца блізка ад горада. І, мабыць, хутка людзі будуць будавацца ў гэтым баку аграгарадка, і тады прыпынкі ўжо будуць не сярод поля. Ды і выгляд іх стане лепшым, такім, як у цэнтры.

… Дайшла да паказальніка “Новыя Агарэічы”, азірнулася: здалёк відаць дарожныя знакі з выявай аўтобуса. І так стала радасна на душы! Пахваліла сябе за тое, што асмелілася, праявіла настойлівасць і атрымала жаданае. З майго боку быў толькі невялікі штуршок да добрай справы. І гэтую справу здзейснілі шмат добрых людзей — спецыялістаў. Прыпынак ёсць. Праўда, каб зручней было зайсці і выйсці з аўтобуса, патрэбны невялікі кавалак асфальтабетоннага пакрыцця. Можа, у недалёкім будучым для гэтай мэты знойдуцца грашовыя сродкі ў раённым бюджэце, усё ж такі Агарэвічы — аграгарадок.

А пакуль людзі задаволены, што знайшлася магчымасць адкрыць прыпынак па патрабаванні хоць у цяперашнім выглядзе.

Я выкарыстала сваё грамадзянскае права на зварот да дэпутата — і маё пытанне вырашана.

Ад сябе асабіста і ад усіх тых людзей, каму гэтыя прыпынкі патрэбны, асабліва ад пенсіянераў, выказваем нашаму дэпутату шчырую ўдзячнасць. Жадаем Леаніду Аляксандравічу моцнага здароўя, дабрабыту, новых дасягненняў у працы, заўсёды добрага настрою. І спа-дзяёмся на далейшае супрацоўніцтва.

Валянціна ЗАЯЦ, в. Вялікія Круговічы.