На Ганцаўшчыне ў рыбгаса з’явіцца канкурэнт?
Сажалка “Капкава” памерам у 16,7 гектара, што знаходзіцца каля вёскі Лактышы, перададзена ў арэнду індывідуальнаму прадпрымальніку з Мінска Сяргею Бадылю тэрмінам на 5 гадоў для таварнага рыбаводства і рыбаводства ў рэкрэацыйных мэтах. Такое рашэнне прынята на 22 сесіі раённага Савета дэпутатаў.
Як патлумачыў народным абраннікам Сяргей Бадыль, разам з таварным рыбаводствам, пасля выканання ўсіх неабходных умоў, звязаных з дагаворам арэнды і захавання прыродаахоўнага заканадаўства, ён плануе аказваць паслугі і па аматарскім рыбалоўстве. “Я не проста прадпрымальнік са сталіцы, — заўважыў Сяргей Бадыль. — У мяне ёсць дом у Лактышах, і пяты год мая сям’я летам адпачывае ў гэтых мясцінах”.
Варта заўважыць, што прадпрымальнік права на заключэнне дагавора арэнды выйграў на аўкцыёне і пры першапачатковай цане ў 512 рублёў узяў на сябе абавязацельствы плаціць за арэнду вадаёма 835 рублёў штогод. Зразумела, з выкананнем усіх умоў па вядзенні рыбнай гаспадаркі і добраўпарадкаванні тэрыторыі, што таксама патрабуе значных грашовых укладанняў.
Аляксей ГРУШЭВІЧ.