Нараджаць сталі менш, а кожны трэці шлюб распаўся

Па інфармацыі, прадастаўленай начальнікам аддзела ЗАГС Ганцавіцкага райвыканкама Наталляй Гардзей, за 8 месяцаў 2017 года аддзелам ЗАГС райвыканкама і сельвыканкамамі раёна было зарэгістравана 628 актаў грамадзянскага стану. З іх: аддзелам ЗАГС — 384, сельвыканкамамі — 244.

Было зарэгістравана 170 нараджэнняў, што на 18 менш, чым за 8 месяцаў 2016 года, але на 14 больш, чым за аналагічны перыяд 2015 года. З агульнай колькасці тых, хто нарадзіўся, 89 дзяўчынак і 81 хлопчык. У маці, якія не знаходзяцца ў шлюбе, у адпаведнасці з артыкулам 55 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, зарэгістравана 12 дзяцей. Адно дзіця нарадзілася ў непаўналетняй маці.

Здзейснена 28 запісаў аб устанаўленні бацькоўства: аддзелам ЗАГС — 23, па 1 — Дзяніскавіцкім, Любашаўскім, Люсінскім, Малькавіцкім і Хатыніцкім сельвыканкамамі (усе — па сумеснай заяве бацькоў). У пятнаццаці выпадках бацькоўства ўстанаўлівалася адначасова з рэгістрацыяй нараджэння дзіцяці ў сувязі з тым, што бацькі не былі ў шлюбе на момант нараджэння дзіцяці, у трынаццаці — на дзяцей 2004 — 2017 гадоў нараджэння, зарэгістраваных раней. Па сумеснай заяве бацькоў складзена 27 запісаў, па рашэнні суда —1.

За восем месяцаў 2017 года заключана 125 шлюбаў. Усяго ў шлюб уступілі 250 чалавек, з іх 58 — паўторна. Зарэгістравана 10 шлюбаў з замежнымі грамадзянамі (7 — з грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, 3 — з грамадзянамі Украіны), 1 шлюб з асобай без грамадзянства, 1 — з непаўналетняй нявестай (15-гадовай навучэнкай УА “Ганцавіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці”).

За ўказаны перыяд былі здзейснены 294 запісы аб смерці. З агульнай колькасці памерлых — 156 мужчын і 138 жанчын. Памерлі ва ўзросце: да 1 года — 1 дзіця (6 месяцаў), з 1 да 5 гадоў — 0, з 6 да 20 гадоў — 0, з 21 да 30 гадоў — 3 чалавекі, з 31 да 40 гадоў — 6, з 41 да 50 гадоў — 11, з 51 да 60 гадоў — 43, з 61 да 70 гадоў — 66, з 71 да 80 гадоў — 67, з 81 года — 97 чалавек. З агульнай колькасці памерлых 84 чалавекі — жыхары горада, 200 — сельскія жыхары Ганцаўшчыны, 9 — жыхары іншых раёнаў, 1 — БВМЖ.

Аддзелам ЗАГС былі складзены 2 запісы акта аб усынаўленні (удачарэнні), 2 — аб змене імя, таксама быў адноўлены 1 запіс аб нараджэнні.

Па ўзаемнай згодзе мужа і жонкі, якія не маюць агульных непаўналетніх дзяцей і спрэчак аб маёмасці, аддзелам ЗАГС былі скасаваны 6 шлюбаў. Па адным — пасля 29, 24, 5 і 3 гадоў сумеснага жыцця, два шлюбы — да 1 года сумеснага жыцця. Па рашэнні суда Ганцавіцкага раёна ў студзені- жніўні 2017 года было скасавана 37 шлюбаў. Агульная колькасць скасаваных шлюбаў — 43, што складае 34 працэнты ад заключаных.

Падрыхтавала Ксенія ЛУЦКО.