Грыбны “бум” у Ганцавічах

З надыходам восені ў лесе ўсё часцей сустрэнеш грыбнікоў. Пазнаць іх нескладана: вядро або кошык у руцэ, на галаве — кепка або хустка, а ў вачах — самы сапраўдны “паляўнічы” азарт. Жнівень-верасень — самы грыбны час. А грыбоў у беларускіх лясах — процьма, толькі шапачкавых больш за тысячу разнавіднасцей. Праўда, ведаем і бяром мы толькі каля двух дзясяткаў.

Па словах ганцаўчанкі Антаніны Шуляк, для аматараў “ціхага палявання” сёлетняя восень выдалася ўраджайнай. Аб рэкордных зборах грыбоў у мясцовых лясах жанчына ведае не па чутках. “Мой муж Пётр Уладзіміравіч (НА ЗДЫМКУ) — вялікі аматар лесу, — гаворыць Антаніна. — Штогод увосень ён ходзіць збіраць грыбы і, трэба сказаць, разбіраецца ў іх выдатна! Але цяперашні верасень асабліва ўразіў усіх нас: мала таго, што муж маслякі мяшкамі прыносіць, дык яшчэ і баравікі па 30 сантыметраў у вышыню часцяком трапляюцца!” Па словах жанчыны, адмысловага “грыбнога” месца муж не прытрымліваецца, але гэта і неабавязкова: у лясах Ганцаўшчыны сёлета дароў хопіць усім. Захапляюцца зборам грыбоў і ўсе знаёмыя Антаніны Шуляк: “Сярод іх, дарэчы, ёсць і непрызнаныя мясцовыя рэкардсмены, якія надоечы за адзін паход у лес каля сотні штук белых сабралі!”.

Пры такім вялікім ураджаі можна падумаць і пра тое, каб атрымаць “капейку” за свае лясныя старанні. Напрыклад, здаць грыбы ў нарыхтоўчыя канторы Ганцавіцкага райспажыўтаварыства. Але, як расказаў вядучы таваразнаўца Алег Бышнеў, пакуль асаблівай актыўнасці ад ганцаўчан чакаць не прыходзіцца: “Па стане на 11 верасня мы змаглі нарыхтаваць толькі 50 кілаграмаў белых грыбоў. Сапраўды, у лясах зараз багата розных відаў гэтых прыродных дароў, але грамадзяне чамусьці не спяшаюцца абменьваць іх на грошы: мабыць, нарыхтоўваюць для асабістага ўжытку”. Калі ж казаць пра цэны, то яны засталіся прыкладна на ўзроўні мінулага года. Ды і прымаюць канторы Ганцаўшчыны далёка не ўсе віды грыбоў: толькі баравікі па 5 рублёў за кілаграм (гэты ж грыб, але высушаны, каштуе 50 рублёў за кілаграм).

Грыбы — незвычайны дар прыроды. Яны смачныя, таму выкарыстоўваюцца ў самых разнастайных стравах. Акрамя таго, іх нарыхтоўваюць на зіму: сушаць, марынуюць, марозяць… А які гэта выдатны інгрэдыент для салянак! Найбольшае ж задавальненне дастаўляе сам працэс збору грыбоў: напоены водарамі траў і лістоты лес, шчэбет птушак і захапленне ад грыбных знаходак! Зрэшты, і тут (як на любым паляванні) трэба быць вельмі абачлівым.

Возьмем, да прыкладу, свінушкі. У Еўропе іх даўно лічаць атрутнымі. Неядомымі яны прызнаны і ў Беларусі. А некаторыя грыбнікі як збіралі іх, так і збіраюць. Пакаштаваўшы свінушкі, чалавек не адчуе сябе адразу дрэнна. Справа ў тым, што яна — як бомба запаволенага дзеяння: грыбная атрута паволі назапашваецца ў арганізме. І калі яе ўзровень стане крытычным, будзе дадзены штуршок да развіцця хвароб нырак і крыві. А страчкі? І яны ўжо выключаны з пераліку грыбоў, якія можна есці. Таму што пасля 1986 года экалагічная сітуацыя ў краіне рэзка змянілася. А грыбы валодаюць унікальнай здольнасцю ўбіраць і назапашваць усё тое, што асядае на зямлю.

Каб знізіць канцэнтрацыю радыенуклідаў і шкодных рэчываў, грыбы трэба добра ачысціць ад зямлі, смецця і прамыць у праточнай вадзе ці адварыць у салёнай, тройчы зліваючы вар. У 1,5-2 разы знізіцца забруджанасць, калі грыбы засаліць. Але расол ужываць нельга! У сушаных, наадварот, канцэнтрацыя радыенуклідаў павялічваецца. Такія грыбы, як, скажам, чорныя грузды, маслякі, падасінавікі, польскія, гаварушкі, парасоны, зялёнкі, лёгка і хутка ўбіраюць увесь хімічны бруд. У белых жа і лісічках яго намнога менш. Практычна няма радыенуклідаў і цяжкіх металаў у апеньках. А ўсё таму, што растуць яны не на зямлі, а на драўніне.

Дарэчы

Для таго, каб зарадзіцца, прайсці скрозь зямлю і стаць прыкметным, грыбу трэба ўсяго толькі 3 гадзіны.

Свежыя баравікі карыснейшыя за цыбулю і моркву, а сушаныя амаль у два разы больш каларыйныя за яйкі і вараную каўбасу. Булён з белых грыбоў у сем разоў пажыўнейшы за мясны.

Парады

Не збірайце грыбы каля дарог і вялікіх аўтамагістралей. Лепш ад’ехаць ад горада на 40 — 50 кіламетраў і адысці ад дарогі хоць на 200 метраў.

Не кладзіце дары лесу ў поліэтыленавы пакет або вядро: без доступу паветра яны імгненна “задыхнуцца” і сапсуюцца.

Не вызначайце ядомасць грыба па колеры, паху, наяўнасці насякомых і чарвячкоў. Многія атрутныя грыбы смачныя і прыемна пахнуць.

Не бярыце старыя і пашкоджаныя грыбы. У іх ужо пачаліся працэсы раскладання бялкоў, а гэта пагражае атручваннем.

Не бярыце грыбы ў дождж. Жывыя бялкі, якія ёсць у грыбах, у такое надвор’е імгненна загніваюць.

Перапрацуйце сабранае на працягу некалькіх гадзін пасля збору або хаця б адварыце.

Збірайце толькі тыя грыбы, у ядомасці якіх упэўнены на сто працэнтаў.

Падрыхтавала Ксенія ЛУЦКО.

Р.S. Напісала матэрыял і выйшла з рэдакцыі падыхаць свежым паветрам. Якое ж было маё здзіўленне, калі літаральна ў трох кроках ад вугла будынка наткнулася на грыбы. Самыя сапраўдныя. Ядомыя.