Маладосць і крэатыў крочаць поруч
У раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме Ганцаўшчыны выпадковых людзей няма. Тут працуюць адданыя сваёй справе, таленавітыя і крэатыўныя бібліятэкары, якія адчуваюць прыгажосць мастацкага слова і імкнуцца данесці святло кніжнай мудрасці, як да вялікіх, так і маленькіх чытачоў. Днямі Ганна Рабцэвіч (НА ЗДЫМКУ), загадчыца сельскай бібліятэкі аграгарадка Раздзялавічы стала параможцай рэспубліканскага конкурсу “Лепшы па прафесіі сярод моладзі, якая працуе ў аграгарадках”. Ганна Уладзіміраўна прыняла ўдзел у пасяджэнні “круглага стала”, які ладзіў Цэнтральны камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, дзе і была ўзнагароджана дыпломам першай ступені.
Нягледзячы на свой малады ўзрост, Ганне Рабцэвіч мінула толькі 27 гадоў, яна шмат дабілася ў сваім жыцці. У бібліятэчную сістэму Ганна прыйшла працаваць каля дзясяці гадоў таму, пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С. Пушкіна. З ранняга дзяцінства яна палюбіла кніжкі, з асаблівай асалодай спачатку праглядала ілюстрацыі, а потым перачытвала казкі братоў Грым. У бацькоўскім доме была вялікая бібліятэка, таму Ганначка з маленства марыла стаць бібліятэкарам. Марам дзяўчынкі наканавана было збыцца. Сёння Ганна Уладзіміраўна — гаспадыня сапраўднага кніжнага царства, дзе пануюць утульнасць і гасціннасць. Кніжны фонд сельскай бібліятэкі налічвае 17 тысяч экзэмпляраў. Ганна Рабцэвіч разам з бібліятэкарам Аленай Шэмет абслугоўваюць 824 чытачоў, 220 з якіх — дзеці. Толькі ўявіце сабе, сельская бібліятэка аказвае 26 відаў платных паслуг, на якіх у мінулым годзе зарабілі больш чым 7 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, пры бібліятэцы існуе гісторыка-дакументальны цэнтр “Зямля бацькоў — мая зямля”, у якім, дзякуючы намаганням бібліятэкараў, сабраны легенды і паданні роднай зямлі, краязнаўчыя матэрыялы па гісторыі вёскі, расказы пра знакамітых вяскоўцаў.
— Ганна Рабцэвіч дастойна працягвае справу сваіх папярэднікаў, — далучаецца да размовы дырэктар Ганцавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ала Хваль. — Яна з’яўляецца ініцыятарам стварэння экалагічнага цэнтра “Стану я прыродзе сябрам”, вядзе работу аматарскага аб’яднання для дзяцей “Мурашнік”.
А клуб “Молодёжный перекресток”, які паспяхова дзейнічае пры бібліятэцы, з ахвотай наведваюць юнакі і дзяўчаты. Для іх пастаянна ладзяцца шматлікія мерапрыемствы: вечары пытанняў і адказаў “Бібліятэка і моладзь”, інфармацыйныя гадзіны “Вредить здоровью глупо”, “Белы голуб у мірным небе — няхай заўсёды будзе Мір!”, актуальныя размовы “Не рождённые хотят жить”, урокі здароўя “Откажись от курения”, “Вогненная кветка кахання” (да Дня прафілактыкі СНІДу), вечары-сустрэчы з цікавымі людзьмі “Свет, идущий от мудрости”.
У мінулым годзе на базе Раздзялавіцкай бібліятэкі ладзіўся раённы семінар бібліятэкараў “Эфектыўныя формы і метады работы з маладзёжнай аўдыторыяй”. Па выніках раённага бібліятэчнага конкурсу “Бібліятэкі Ганцаўшчыны — моладзі!”, які праходзіў летась, сельская бібліятэка аграгарадка Раздзялавічы заняла першае месца.
Словам, бібліятэка — асяродак культуры і духоўнасці, куды з вялікай ахвотай спяшаюцца як дзеці, так і дарослыя. Тут не толькі ўтульная і камфортная абстаноўка, тут пануе атмасфера цеплыні і шчырасці. Ганна Уладзіміраўна вельмі абаяльная і надзвычай мудрая маладая жанчына. Запал маладосці і энергіі ў яе спалучаецца з крэатыўнасцю і жыццёвым вопытам. Ганна Рабцэвіч — цудоўная маці васьмігадовага Аляксея і сямігадовай Уладлены, гасцінная гаспадыня, якая, здаецца, ніколі не ведае стомы. Яна і вышывае, і карункі пляце, і бісерапляценнем займаецца, і гаспадарку разам з мужам Дзмітрыем трымае не маленькую. На падворку — куры, гусі, трусы, некалькі парсюкоў, дзве каровы Маліна і Малышка і цяляты. Ганна рана засталася без бацькі, таму з дзяцінства дапамагала матулі па гаспадарцы, на руках якой было яшчэ чацвёра дзетак. Дзяўчынка з маленства прывыкла да нялёгкай сялянскай працы.
— Амаль усе мае знаёмыя жывуць у горадзе, — гаворыць Ганна Уладзіміраўна. — Я зусім не шкадую, што выбрала вёску, якую я ўсёй душой люблю і без якой жыцця свайго не ўяўляю. З мужам купілі дом, які пакрысе дабудоўваем. Дапамагае свякроў — Людміла Рабцэвіч, якая працуе загадчыкам сельскага клуба ў Раздзялавічах.
На маё пытанне, як Ганна адпачывае, маладая жанчына сціпла адказала: “За любімымі кнігамі”, якіх яна перачытала напэўна не адну тысячу. Вось на такіх цудоўных спецыялістах, дасціпных і таленавітых, улюбёных у свой край і абраную прафесію, трымаецца наша зямля.
Кацярына Яцушкевіч.
Фота Алы Пятліцкай.
Молодец!!! Поздравляю.
Умница, достойная работа! Удачи!
Поздравляю!!!! Видно, что человек любит то, чем занимается!!!! Новых побед Вам!!