Англійскі — гэта весела!

Тыдзень перад Вялікаднем заўсёды напоўнены радаснымі клопатамі ў чаканні самай значнай падзеі ў царкоўным календары. З чым асацыюецца для вас светлае Уваскрэсенне Хрыстова? Кулічы, велікодныя яйкі, вясна… А як святкуюць Вялікдзень за мяжой? Менавіта велікодным традыцыям англамоўных краін быў прысвечаны тыдзень англійскай мовы, які прайшоў у СШ № 1 горада Ганцавічы з 25 па 28 красавіка.

Кожны дзень прадметнага тыдня быў напоўнены яскравымі падзеямі. Ужо ў панядзелак інфармацыйная выстава “Велікодны тыдзень” сустракала вучняў адразу з парога. Рабяты змаглі пашырыць свае веды дзякуючы інфармацыйнай пяціхвілінцы, якую ў кожным класе правялі дзевяцікласнікі. Адным з самых запамінальных момантаў стала агульнашкольная дабрачынная акцыя “Велікодны кошык”. Вучні школы прынеслі для рабят з сацыяльнага прытулка столькі пакетаў з адзеннем і цацкамі, што прыйдзецца іх завозіць аўтатранспартам. Акцыя “Велікодная пошта” дала магчымасць і вучням, і настаўнікам павіншаваць адзін аднаго з надыходзячым святам на англійскай мове. А праявіць сваю эрудыцыю рабяты змаглі, разгадваючы вялікую велікодную крыжаванку.

У аўторак у фае школы вучні змаглі бясплатна атрымаць у асабістае карыстанне вучэбныя дапаможнікі па англійскай мове — дастаткова было ўсяго толькі адзін раз усміхнуцца арганізатарам акцыі “Падручнік у абмен на ўсмешку”. Такім чынам, было раздадзена 120 кніг. А на перапынках рабяты збіраліся каля выставы велікодных паштовак, якія члены “Англійскага клуба” атрымалі з розных краін з дапамогай сайта “Посткроссінг”. Галасаваннем, у якім прынялі ўдзел больш чым 300 чалавек, была адабрана самая прыгожая паштоўка — з Галандыі. Яе прыслала наш сябар Анна Мары Баард. Фінальнай кропкай аўторка стала цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў міжнароднага праекта прызамі, дасланымі з Германіі, Чэшскай Рэспублікі і ЗША.

У сераду рабяты праявілі пачуццё гумару ў конкурснай гульні “Велікодныя жарты” і сталі ўдзельнікамі захапляльнай гульні-пошуку “Паляванне за велікоднымі яйкамі”, у якой былі задзейнічаны ўсе навучэнцы школы! Лагічным працягам дня стала выстава велікодных яек з галасаваннем за лепшую работу.

У чацвер падчас забаўляльна-пазнавальнага мерапрыемства “Велікодныя традыцыі фарбавання яек” рабяты праявілі свае мастацкія здольнасці, а таксама спявалі, танцавалі. Вясёлым стаў для вучняў школы і “Мастацкі дыктант”. Дзякуючы сценгазетам “Велікодныя стравы” і “Велікодны трус” многія дарослыя даведаліся новыя рэцэпты для асабістага святочнага стала. А падчас мерапрыемства “Мудрыя выказванні” можна было сваімі рукамі прыгатаваць вырабы з шакаладу і паразважаць над выказваннямі знакамітых людзей мінулага і сучаснасці.

І, напрыканцы, у пятніцу тыдзень англійскай мовы завяршала гульня “Зорны час” і цырымонія ўзнагароджвання самых актыўных удзельнікаў тыдня. Акрамя гэтага, на ўсіх перапынках у рэжыме нон-стоп дэманстраваліся ролікі велікоднай тэматыкі.

Вялікая ўдзячнасць настаўнікам, якія зрабілі тыдзень англійскай мовы незабыўным: Таццяне Баўтрукевіч, Алене Бушыла, Таццяне Еўхач, Дзмітрыю Клімуку, Юліі Забароўскай.

Кафедра настаўнікаў англійскай мовы

ДУА “СШ № 1

г. Ганцавічы”.

ан