“Я голас падам здаля…”
10 снежня гэтага года вядомаму беларускаму паэту Алесю Каско споўнілася б 66 гадоў. Усяго некалькі тыдняў не дажыў творца да гэтай даты. Светлай памяці майго шчырага сябра і земляка я прысвячаю гэтыя ўспаміны.
60-я — пачатак 70-х гадоў мінулага стагоддзя. На Ганцаўшчыне дружна прабіваюцца маладыя літаратурныя парасткі. Спачатку нясмела, а потым на поўны голас заявіла пра сябе цэлая кагорта паэтаў і празаікаў, сярод якіх дастойнае месца заняў Алесь Каско. У сваіх самабытных творах яны ўслаўлялі родны кут, яго шчырых і працавітых людзей, непаўторнае хараство прыроды палескага краю і, вядома ж, любую сэрцу нашу Беларусь. Дзякуючы іх творчасці, глыбінка Палесся, пра існаванне якой дагэтуль мала хто ў краіне ведаў, а калі чуў пра яе, то як пра край “балот і дзікіх людзей”, “дрымучых і няходжаных лясоў”, нейкую “памыйніцу”, паўстала перад чытачом маляўнічай і найпрыгажэйшай зямлёй, а яе жыхары зычлівымі і самымі гасціннымі ў свеце. Што і казаць, слова, яго ўплыў на свядомасць і светапогляд людзей — вялікая сіла. А словам літаратары Ганцаўшчыны, варта аддаць ім належнае, валодалі спаўна і надзвычай дасканала.
Час няўмольна-незваротны. Яго бег немагчыма павярнуць назад, як не паўтарыць чалавеку пройдзены шлях, таксама як і не пражыць жыццё нанава. Усё ў свеце мае свой пачатак і, на жаль, непазбежны канец. Сёння са шкадаваннем адзначаю: заўчасна, у росквіце творчых сіл адышлі ў вечнасць Васіль Праскураў, Міхась Рудкоўскі, Іван Кірэйчык, Іван Лагвіновіч, Уладзімір Марук… І вось зноў страта — не стала Алеся Каско.
Нарадзіўся Алесь у 1951 годзе ў Чудзіне. Тут скончыў дзесяцігодку, вучыўся ў Брэсцкім дзяржаўным педінстытуце імя А. С. Пушкіна, служыў у войску, працаваў у роднай вёсцы настаўнікам, у Жабінкаўскай раённай газеце, на абласной студыі тэлебачання, узначальваў Брэсцкае абласное аддзяленне Беларускага саюза пісьменнікаў. Жыў Алесь удалечыні ад сваёй малой радзімы, але заўсёды імкнуўся да яе душой і сэрцам. У большасці сваіх вершаў уславіў край, які даў яму жыццё і творчае натхненне.
Няма нідзе мацнейшай
веры
і памяці чысцейшай, чым
у роднай вёсцы…
Дома дзверы
празрыста свецяцца
ўначы.
Мне бачыцца:
з-за небакраю
ідуць яны
з гадоў былых…
Сню кожны раз,
як прыязджаю,
нібыта ўваскрашаю іх, —
прызнаваўся ён у вершы “Слядоў дзіцячых мала ў вёсцы”.
І гэта не толькі замілаванне родным куточкам, прызнанне ў любові да яго, не проста імкненне сумуючай па ім душы, а цвёрдая перакананасць творцы ў сваім выбары. Верш “Травакос” — яскравае пацвярджэнне сказанаму. У ім побач з прызнаннем і раскаяннем гучыць надрыўная просьба паэта ў лёсу літасці, выразны крык збалелага сэрца:
Целам жыў — і шкадаваў
душы,
і маліўся над духмянай
пожняй:
дай зялёным крыкам
даражыць
да апошняй хвілі,
да апошняй!..
Маё знаёмства з Алесем Каско працягвалася без малога пяцьдзясят гадоў. З таго часу, калі ў 1968 годзе ў “Савецкім Палессі” былі надрукаваны першыя вершы юнака з Чудзіна. Глыбінёй, дасканалым веданнем роднай мовы, паэтычнасцю вершы Алеся ўразілі тагачаснага рэдактара газеты, кіраўніка створанага ім літаб’яднання “Рунь” Васіля Фёдаравіча Праскурава, супрацоўніка рэдакцыі, тады яшчэ маладога паэта Віктара Гардзея (у тым годзе ён выдаў свой першы паэтычны зборнік “Касавіца”), а таксама іншых членаў нашага літаратурнага гурта. Даўно гэта было, а помніцца, як сёння!!!
Перабіраю стосы кніг з хатняй бібліятэкі, сярод якіх некалькі дзясяткаў з памятнымі аўтографамі аўтараў, адрасаваных мне асабіста. Сярод іх і зборнічак Алеся Каско “Час прысутнасці”. Менавіта за гэтую кнігу ў 1994 годзе аўтар быў удастоены літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова. Акуратным, роўным почыркам Алеся на тытульным лісце выведзены роўныя радочкі шчырых слоў: “Сябру, земляку, калегу Кастусю Мохару з удзячнасцю за сустрэчы, няхай і нячастыя, але сапраўдныя. Плёну, здароўя, шчасця! Алесь Каско. Ганцавічы, 17 кастрычніка 94 г.”.
Пакутліва зашчымела сэрца ад разумення: і сапраўды нячастыя. Балюча ўсведамляць, што больш ім не быць! Можа з-за гэтай запознена-шчымлівай высновы кожная мая сустрэча з Алесем і ўспаміны пра яго сёння такія яркія, выразна-ўяўныя.
…У маі 1987 года Ганцаўшчына панесла велізарную страту: заўчасна згасла сэрца выдатнага журналіста, пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Васіля Фёдаравіча Праскурава. Праз некалькі гадоў у памяць аб ім па ініцыятыве ўпраўлення інфармацыі Брэсцкага аблвыканкама і асабіста яго начальніка Георгія Тамашэвіча было вырашана выдаць пасмяротную кнігу пісьменніка, у якую павінны былі ўвайсці не надрукаваныя пры яго жыцці творы. Ініцыятыву горача падтрымалі мясцовая ўлада і насельніцтва раёна.
Зборам матэрыялу для новай кнігі даручылі займацца Алесю Каско і мне, як вучню, паплечніку Васіля Фёдаравіча і даўняму сябру сям’і Праскуравых. Не адзін дзень мы з Алесем разам з удавой Васіля Фёдаравіча Лідзіяй Сцяпанаўнай, яго дачкой Валянцінай Васільеўнай у прасторнай і надзвычай гасціннай хаце гаспадароў карпелі над ёмістым архівам пісьменніка, адбіраючы творы для будучай кнігі. Неўзабаве кніга В. Ф. Праскурава “Наўсцяж вясковай вуліцы” (такую назву мела незавершаная пісьменнікам аповесць) пабачыла свет. У ёй знайшлі месца ўспаміны Алеся Каско і мае пра слыннага палескага творцу.
…7 ліпеня 1991 года — зноў сумная вестка — памёр Міхась Рудкоўскі. Па яго запавеце пахавалі паэта на могілках у роднай вёсцы Востраў. Творчая грамадскасць Берасцейшчыны, сярод якой мноства шчырых Міхасёвых сяброў, вырашыла ўзвесці на ягонай магіле велічны помнік. І не які-небудзь, а з прыроднага каменю. Для ажыццяўлення задумы берасцейскаму скульптару спатрэбіўся гранітны волат-валун. Знайсці яго можна было і ў ваколіцах Брэста, але ж не везці шматтонную глыбу ажно за 300 кіламетраў з абласнога цэнтра ў Востраў! Вырашылі шукаць на месцы, на Ганцаўшчыне. Пошукавую місію ўсклалі на плечы Алеся Каско, а ён, у сваю чаргу, да гэтай важнай справы далучыў і мяне, як выдатна знаёмага з Міхасём чалавека, да таго ж неблагога знаўцу тутэйшых мясцін.
У пошуках прыдатнага каменя мы з Алесем аб’ездзілі ўвесь раён, патрацілі на гэта не адзін дзень. І не марна: хто шукае, той знаходзіць. Валун знайшлі. Цяпер апошняе слова заставалася за скульптарам. І ён не падвёў. Неўзабаве камень-помнік з па-майстэрску выбітым на ім партрэтам Міхася ва ўрачыстай абстаноўцы быў устаноўлены на яго магіле.
…Напрыканцы 90-х Алесь заўважыў і ацаніў паэтычны талент маёй дачкі Валянціны. Ад імя абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, якое тады ён узначальваў, даў ёй рэкамендацыю для паступлення на факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Ды і потым дапамагаў яе творчаму росту. З яго блаславення нізка вершаў маёй дачкі ў 1999 годзе з’явілася ў літаратурным альманаху “Дзядзінец” у серыі “Берасцейскае вогнішча”, яе вершы друкаваліся ў рэспубліканскіх газетах і часопісах, у абласной “Зары”.
Наогул, таварыскасць, сціпласць, спагадлівасць, жаданне дапамагчы чалавеку дасягнуць тых вяршынь, якіх дасягнуў паэт сам, падзяліцца з ім сваім духоўным багаццем былі найбольш характэрнымі рысамі гэтага чалавека. Сярэдняга росту, хударлявы, з паляшуцкімі вусамі, якія дапаўнялі яго вобраз, нетаропкай, сцішанай манерай маўлення, пранізліва-дапытлівым і, у той жа час, мяккім і крыху сумнаватым позіркам глыбокіх вачэй кожнаму, хто жадаў, спрыяў і словам, і справай. Гэтыя цудоўныя рысы характару ён, пэўна, пераняў ад свайго старэйшага сябра — паэта Міхася Рудкоўскага, ад свайго духоўнага настаўніка, вучонага і літаратуразнаўцы Уладзіміра Калесніка, з якімі доўгі час жыў, ствараў і працаваў побач у горадзе над Бугам.
Ён адкрыў чытачам імя новай паэткі, сваёй зямлячкі Ірыны Дарафейчук. Шмат дапамог у творчым станаўленні яшчэ аднаму чудзінцу — паэту-святару, магістру багаслоўя Яўгену Сергіені. Пад рэдакцыяй Алеся ў 2011 годзе пабачыў свет першы зборнік вершаў Яўгена “Неба прамаўляе”.
З гэтым самабытным паэтам Алесь пазнаёміў мяне завочна. Як галоўнаму рэдактару газеты на той час прапанаваў мне бліжэй данесці да чытачоў “Савецкага Палесся” творчасць гэтага самародка. Сам жа напісаў прадмову да падабранай нізкі вершаў Яўгена Сергіені. Пасля публікацыі Яўген даслаў на адрас рэдакцыі свой зборнік з аўтографам.
Дарэчы, Алесь Каско, побач з пісьменнікамі Віктарам Гардзеем, Анатолем Казловым, быў першым, хто яшчэ ў рукапісе чытаў маю аповесць “Апошнія дні”. Заўважу: аповесць была надрукавана ў двух нумарах часопіса “Маладосць” (11-м і 12-м) за 1998 год. Ён жа прыхільна выказаўся на гісторыка-дакументальную хроніку “Памяць. Ганцавіцкі раён”, укладальнікам якой быў я, на наш сумесны з Віктарам Гардзеем зборнік “Паміж Бобрыкам і Ланню” з серыі “Беларусь літаратурная”.
Гэта былі не апошнія нашы стасункі. Даводзілася бачыцца і пазней: на Днях беларускага пісьменства ў Камянцы і ў верасні 2011-га ў Ганцавічах, у 2012-м на прэзентацыі зборнікаў Алеся Каско “Нічога больш” і “Прыадхінуты небасхіл”, якая праходзіла ў кінатэатры “Маладосць”, пра што я пісаў у “Савецкім Палессі” ў артыкуле “Яшчэ не спета лепшая песня”. У тым жа годзе на “Каласавінах” у Люсіне, прысвечаных Якубу Коласу і на якіх у якасці ганаровага госця прысутнічаў сын песняра Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч… Пазней, у 2016-м, бачыліся на вечарыне з нагоды 80-годдзя Міхася Рудкоўскага. Рэгулярна сустракаліся і ў рэдакцыі ганцавіцкай раённай газеты… Сапраўды незабыўныя, шчырыя і цёплыя сустрэчы даўніх сяброў.
Зноўку гартаю і перагортваю старонкі кніжак Алеся Каско і нібыта бачу яго, вяду з ім нетаропкую гаворку. Быццам і не было таго жалобнага расстання напрыканцы спахмурнелага ад плачу дажджоў лістапада. Выразна чую ягоны голас:
Целам жыў — і шкадаваў
душы,
і маліўся над духмянай
пожняй:
дай зялёным крыкам
даражыць
да апошняй хвілі,
да апошняй!..
Алесь Каско не жадаў скарацца лёсу, бо прагна верыў у неўміручасць. Не, не зямнога існавання, а слова:
Назад не прыйду, зямля,
ды сілай жыцця і слова
я голас падам здаля,
каб лёс твой з’яднаць
нанова.
Прачытаў — і ажно мароз прабег па скуры. Гэтыя радкі глыбінёй свайго сэнсу, выразнасцю, сілай уздзеяння на чалавечы розум вельмі нагадваюць незабыўных гамзатаўскіх “Жураўлёў”!!!
І як пацвярджэнне праўдзівасці гэтых слоў зноў цытую:
Ды памяць дагоніць
цябе й нежывога:
пад шоргат рыдлёўкі
і стук малатка,
каб край свой адведаць,
закленчыць у Бога
душа хоць бы дзень —
хоць адзін з сарака!..
Сёння, пасля дачаснай смерці паэта, працягвае гучаць яго напеўнае паэтычнае слова і, спадзяёмся, што гучанне тое будзе вечным. Бо паэзія — бессмяротная. Яна заўсёды жывая, яна — на ўсе часы.
Кастусь МОХАР.