Галоўнае – ранняя дыягностыка і асабістая бяспека медыкаў

Падвесці вынікі мінулага, 2016 года і акрэсліць накірункі работы УАЗ “Ганцавіцкая ЦРБ” на 2017 год — асноўныя мэты, якія ставіліся адміністрацыяй установы аховы здароўя падчас арганізацыі і правядзення выніковага сходу, які праходзіў на базе цэнтральнай раённай бальніцы.

med

 

Перад прысутнымі з дакладам выступіў галоўны ўрач Ганцавіцкай ЦРБ Вадзім Сашко, які даступна і лаканічна расказаў пра тое, што было зроблена за мінулы год, якіх поспехаў дасягнула ўстанова і якія праблемы яшчэ трэба будзе вырашыць. Вадзім Уладзіміравіч зазначыў, што Ганцавіцкая ЦРБ на сённяшні дзень дзеліць шостае з канца месца ў рэйтынгу ўстаноў аховы здароўя вобласці па ўзроўні смяротнасці на тысячу чалавек насельніцтва, што з’яўляецца даволі высокім паказчыкам. Хаця, варта зазначыць, што з ліку памерлых колькасць працаздольнага насельніцтва знізілася на 22 — 23 працэнты.

У асноўным,  агульная смяротнасць павысілася ва ўзроставай групе людзей 80 і старэй гадоў. Калі ж прааналізаваць паказчыкі смяротнасці працаздольнага насельніцтва за перыяд з 2011 па 2016 год, дык яна знізілася амаль у два разы, што гаворыць аб каласальнай рабоце медыкаў, праведзенай у гэтым накірунку (у 2011 годзе сярод працаздольнага насельніцтва памёр 131 чалавек, у 2015 годзе — 62) .

Яшчэ адной праблемай Вадзім Сашко назваў міграцыю насельніцтва раёна і горада: колькасць жыхароў Ганцаўшчыны за апошнія 6 гадоў знізілася прыкладна на 3000 чалавек. За кошт чаго? Вадзім Уладзіміравіч растлумачыў, што падчас правядзення аналізу, высветлілася, што асноўны адток адбываецца сярод насельніцтва ва ўзросце ад 15 да 20 гадоў і ад 20 да 25 гадоў. Гэта значыць, што пасля заканчэння школы абітурыенты выязджаюць для атрымання адукацыі ў іншыя гарады, а тыя, хто вяртаецца або прыязджае на адпрацоўку, не замацоўваюцца ў нашым раёне. Нельга таксама не ўлічваць факт працоўнай міграцыі насельніцтва з-за адсутнасці прывабных працоўных месцаў у нашым рэгіёне.

Спыніўся Вадзім Сашко на праблеме высокай смяротнасці ў Агарэвічах. “Адбылося так, што мы аб’ядналі медыцынскія ўстановы Агарэвіч і Вялікіх Круговіч, у сувязі з гэтым з-за павелічэння колькасці абслугоўваемага насельніцтва ўзрасла і смяротнасць. Але той факт, што з 62 памерлых працаздольнага ўзросту 9 чалавек прыходзіцца менавіта на Агарэвічы, канечне, не можа не хваляваць”, — сказаў Вадзім Уладзіміравіч.

Што датычыцца нараджальнасці па раёне, яна, па словах галоўнага ўрача, павялічылася: у 2015 годзе нарадзіліся 299 чалавек, у 2016 — 332.

Мінулы год выдаўся даволі складаным у эканамічным плане. Матэрыяльна-тэхнічная база амаль не аднаўлялася, а на бягучыя рамонтныя работы было выдзелена ўсяго 60 тысяч рублёў. Варта адзначыць, што ўсе работы былі выкананы работнікамі бальніцы самастойна, без прыцягнення будаўнічых арганізацый, каб зэканоміць матэрыяльныя сродкі. Дапамагла ў гэтым плане і вялікая колькасць праведзеных суботнікаў (асабліва пры разборы і дэмантажы будынка амбулаторыі ў Вялікіх Круговічах). Што датычыцца правядзення капітальнага рамонту на 2017 год, у планах — рамонт інжынерных сетак паліклінікі і капрамонт клінічнай лабараторыі: на гэтыя патрэбы ўжо асвоена 30 тысяч рублёў. У планах таксама асваенне 100 тысяч рублёў, выдзеленых на патрэбы Ганцавіцкай ЦРБ.

Як расказаў Вадзім Сашко, Ганцавіцкая ЦРБ валодае дастаткова высокім узроўнем абследавання пацыентаў, а лабараторная служба бальніцы — адна з лепшых у вобласці. Галоўнай задачай работнікаў медыцынскай установы была і застаецца ранняя дыягностыка захворванняў сярод насельніцтва: “Калі ёсць хоць якая-небудзь зачэпка, падазрэнне на захворванне, нельга махнуць рукою і забыць пра яе — неабходна шукаць далей, высвятляць, адкуль узяліся тыя ці іншыя сімптомы, старацца дыягнаставаць хваробу на самых ранніх стадыях, тым больш, што магчымасці для гэтага ёсць”, — сказаў Вадзім Уладзіміравіч.

Насцярожвае і факт павелічэння колькасці хворых на ВІЧ-інфекцыю: у 2015 годзе — 1 хворы, у 2016 годзе — 5. Па словах галоўнага ўрача, прычынай гэтага сталі адносіны да хваробы саміх носьбітаў інфекцыі. Для прыкладу Вадзім Сашко прывёў выпадак, які адбыўся не так даўно ў бальніцы. “Утойваннем ВІЧ-інфекцыі хворыя ставяць пад пагрозу не толькі сваё здароўе і жыццё, але і здароўе акружаючых і  тых, хто дапамаге ім — медыкаў. Вялікае абурэнне выклікала сітуацыя, калі да нас у рэанімацыйнае аддзяленне даставілі жанчыну ў вельмі цяжкім стане. Яна, ведаючы пра свой дыягназ — ВІЧ-інфекцыя — наўмысна не сказала медыкам пра яго, хаця пры пастаноўцы жанчыны на ўлік па хваробе, яна падпісвала дакументы, згодна з якімі павінна папярэджваць аб інфіцыраванні абавязкова. 15 чалавек медыкаў, якія ў экстраным рэжыме, без праверкі яе дакументаў, удзельнічалі ў аказанні дапамогі, ставілі кропельніцы ВІЧ-інфіцыраванаму пацыенту, рабілі ўколы, з-за безадказнасці жанчыны трапілі пад пагрозу заражэння, хоць і працавалі з выкарыстаннем усіх неабходных сродкаў абароны. Да таго ж, з-за ўтойвання ВІЧ-інфекцыі, некаторы час медыкі проста не маглі зразумець, чаму маладая жанчына, без відавочных прычын, проста памірае на вачах, хаця для яе выратавання робіцца ўсё магчымае. Мы, канечне, справіліся з пастаўленай задачай, але калі б загадзя ведалі пра дыягназ,  узмацнілі б меры асабістай бяспекі”.

Са словамі галоўнага ўрача пагадзіўся і галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Дзмітрый Гараглад, які ўзяў слова на сходзе: “Памятайце, што кожны пацыент — патэнцыяльна ВІЧ-інфіцыраваны. А таму, усім медыкам неабходна працаваць у поўным камплекце спецадзення, каб не ставіць пад пагрозу сваё жыццё і здароўе. Хаця, магу адзначыць, што парушэнні ў гэтым плане былі выяўлены, і іх варта выключыць. Хачу звярнуць таксама ўвагу на тое, што парушэнні зафіксаваны ў выкананні санітарна-супрацьэпідэміялагічнага рэжыму, забеспячэння бяспекі харчовай сыравіны і выканання тэхналогіі прыгатавання страў ва ўстановах аховы здароўя”.

Падводзячы вынікі, да прысутных звярнуўся таксама і намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама Эдуард Мішчук, які выказаў спадзяванне, што дастойная работа медыкаў Ганцавіцкай ЦРБ застанецца на такім жа высокім узроўні і будзе рухацца толькі ў бок прагрэсу. “Тым больш, што перспектыва ў вас ёсць, — зазначыў Эдуард Іванавіч. — УАЗ “Ганцавіцкая ЦРБ” мае ўсе перспектывы стаць на прыступку вышэй у рэйтынгу медыцынскіх устаноў вобласці, а ўрачы і медперсанал раённай бальніцы сваёй працай і адданасцю справе  ўвесь час гэта даказваюць”.

Ксенія ЛУЦКО.