“Шахматная акадэмія” ў гімназіі
Гульня ў шахматы — гэта развіццё мыслення, інтэлектуальных здольнасцей. З кожным годам колькасць жадаючых авалодаць майстэрствам гульні ў шахматы павялічваецца, як павялічваецца і папулярнасць гэтай гульні сярод школьнікаў.
Гімназісты неаднаразова з’яўляліся пераможцамі раённых спаборніцтваў па шахматах, вынікова прадстаўлялі наш раён на абласным турніры “Белая ладдзя”. Перамогі і дасягненні вучняў гімназіі натхняюць на неабходнасць далейшага развіцця і падтрымкі заняткаў шахматнай творчасцю і рускімі шашкамі. Менавіта таму ўзнікла ідэя стварэння шахматнага клуба ў ДУА “Гімназія г. Ганцавічы”. Больш дваццаці рабят будуць навучацца гульні ў шахматы пад кіраўніцтвам трэнера Мікалая Мікалаевіча Агейкі, педагога дадатковай адукацыі ДУА “Ганцавіцкі РЦДЮТ”, які на працягу многіх гадоў адкрывае для сваіх вучняў цікавы і загадкавы свет шахматных гульняў.
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае адкрыццю гімназічнага клуба “Шахматная акадэмія”, аб’яднала некалькі дзясяткаў аматараў гульні ў шахматы сярод навучэнцаў пачатковай школы. Гэтая падзея стала магчымай пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта і Ганцавіцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”. Дзякуючы іх ініцыятыве клуб папоўніўся новым шахматным абсталяваннем для інтэлектуальна-развіваючай работы з выхаванцамі. Шахматныя дошкі, камплекты шахматных фігур дазволяць навучацца гульні, праводзіць шахматныя турніры на высокім узроўні.
Вялікай радасцю адкрыццё шахматнага клуба стала для Льва Пыцько, Мікіты Малышава, Івана Аліфера, якія, нягледзячы на свой юны ўзрост, з’яўляюцца пераможцамі розных раённых спаборніцтваў. Рабяты з вялікім задавальненнем навучылі аднакласнікаў правілам гульні ў шахматы.
Адкрыццё шахматнага клуба, безумоўна, пакінула ў сэрцах дзяцей шмат уражанняў і напоўніла іх духам сапраўднай спартыўнай барацьбы і, што асабліва важна, павысіла інтарэс да гэтай гульні. У аматараў шахмат шмат планаў на будучыню. Запланавана правядзенне маштабнага турніру, які вызначыць лепшых ігракоў гімназіі.
Наталля АНІШЧАНКА,
намеснік дырэктара
па выхаваўчай рабоце
ДУА “Гімназія
г. Ганцавічы”.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі клуба “Шахматная акадэмія”.
Фота з архіва ўстановы.