Дзень Пісьменства сёлета пройдзе ў Шчучыне

Святкаванне Дня беларускага пісьменства стане маштабным яркім дзействам, пляцоўкай для якога два дні — 5 і 6 верасня — будзе горад Шчучын Гродзенскай вобласці.

Урачыстае адкрыццё свята ў XXII літаратурнай сталіцы адбудзецца 6 верасня, але ўжо напярэдадні, 5 верасня, запланавана шмат мерапрыемстваў. Так, прыемнай падзеяй стане адкрыццё пасля капітальнага рамонту Шчучынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Цёткі. У гэты дзень пройдзе міжнародны круглы стол «Сугучча: літаратурны працэс і інфармацыйнае грамадства» з удзелам замежных і беларускіх пісьменнікаў. Навукова-практычная канферэнцыя «Шчучынскія чытанні — 2015», што арганізуюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і іншымі структурамі, таксама ў праграме Дня беларускага пісьменства 5 верасня. Цікавым мерапрыемствам стане конкурс чытальнікаў «Жывая класіка».

Вечар першага святочнага дня завершыць «Тэатральны ўік-энд». Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі» пакажа спектакль «Ціхі шэпат сыходзячых крокаў» Дзмітрыя Багаслаўскага.

Рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя «Дарога да святынь», арганізаваная напярэдадні Дня беларускага пісьменства, стартуе 2 верасня ў Мінску. Канцавым пунктам назначэння стане Шчучын.

Першымі мерапрыемствамі літаратурнага свята 6 верасня стануць пасадка Саду Малітвы каля храма Святога Міхаіла Архангела, хрэсны ход да храма Богаяўлення і боская літургія ў храме. Потым госці змогуць прысутнічаць на адкрыцці адрэстаўрыраванага палаца князёў Друцка-Любецкіх.

У час урачыстай цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства 6 верасня будзе ўручана першая Нацыянальная літаратурная прэмія. Сем беларускіх пісьменнікаў стануць уладальнікамі першых узнагарод. Затым адбудзецца памятнае гашэнне канверта з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства».

Для гасцей свята падрыхтавана шмат выставачных праектаў. Так, дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы прадставіць перасовачную выстаўку «Клічу вас я на пабеду», прысвечаную 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і творчасці Янкі Купалы ў ваенныя гады, а Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа прапануе перасовачную выстаўку «Якуб Колас. Дарогамі вайны», якая таксама прысвечана 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і творчасці Якуба Коласа ў перыяд вайны. Акрамя таго, на свяце будуць працаваць выставачныя праекты «Дзяды Адама Міцкевіча. Гісторыя душы» да 160-годдзя з дня смерці пісьменніка і «Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду» аб жыцці і творчасці пісьменніка.

Тэме 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне таксама прысвечана кніжная выстаўка «Памяць аб вайне нам кніга пакідае», якая прадставіць унікальныя выданні перыяду Вялікай Айчыннай вайны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (у тым ліку партызанскія рукапісы, акупацыйныя выданні, кнігі, выпушчаныя беларускімі выдавецтвамі ў эвакуацыі і інш.).

На фестывалі кнігі і прэсы, які разгорнецца на плошчы Свабоды на працягу двух дзён, госці свята змогуць азнаёміцца з экспазіцыяй плакатаў-пераможцаў міжнароднага конкурсу патрыятычнага плаката моладзі краін СНД «Нам дарагі мір» і плакатаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Тут жа будзе працаваць тэматычная кніжная выстаўка «Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання», а таксама выстаўка газет, што выдаваліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны партызанамі і падпольшчыкамі.

Падагульняючая выстаўка рэспубліканскага конкурсу «Фота Беларусі» прадставіць лепшыя здымкі яго ўдзельнікаў. Разгорнецца таксама экспазіцыя кніг-пераможцаў нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў «Мастацтва кнігі».

Дзень беларускага пісьменства быў бы няпоўным без прэзентацый новых кніг беларускіх пісьменнікаў, творчых сустрэч літаратараў з чытачамі. На свяце адбудзецца прэзентацыя факсімільных выданняў Францыска Скарыны і цырымонія іх перадачы Шчучынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.

У праграме таксама маладзёжнае літаратурнае спаборніцтва, флэш-моб, спартыўныя спаборніцтвы, работа горада майстроў, майстар-класы па выцінанцы і шмат іншых мерапрыемстваў. Гасцям свята будзе цікава ўбачыць самаробныя кнігі, друкаваны станок і станок для сушкі газет, якія будуць экспанавацца ў гэтыя вераснёўскія дні ў Шчучыне.

Завершыць XXII Дзень беларускага пісьменства цырымонія перадачы эстафеты свята, канцэрт майстроў мастацтваў і маляўнічы феерверк.

XXII Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Шчучыне Гродзенскай вобласці 6 верасня. Раённы цэнтр упершыню прымае гэта свята. Дзень беларускага пісьменства па традыцыі праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У розныя гады свята адзначалася ў Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Мсціславе, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах, Глыбокім, Быхаве. Двойчы ўрачыстасці прымалі Полацк (1994, 2003), Тураў (1995, 2004), Заслаўе (2000, 2014).

144330345