«Размовы пра важнае». Як настаўнік Раздзялавіцкай СШ выхоўвае ў вучняў патрыятызм

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь прыняло рашэнне аб увядзенні ў беларускіх школах курсу па ваенна-патрыятычным выхаванні. У ДУА «Раздзялавіцкая сярэдняя школа» адказнасць за за яго ўзяў Міхаіл Кіселевіч.
Нарадзіўся Міхаіл Васільевіч у вёсцы Раздзялавічы, ёй і прысвяціў сваё жыццё. Пасля школы адразу пайшоў на два гады ў армію, а потым вярнуўся на малую радзіму і некаторы час працаваў машыністам электраабсталявання на земснарадзе. Тады ж у Міхаіла выспела думка паступаць на гістарычны факультэт. Задуму гэтую ён рэалізаваў у 28-гадовым узросце, а пасля атрымання дыплому аб вышэйшай адукацыі зноў вярнуўся настаўнічаць у родныя Раздзялавічы.
Да самага выхаду на пенсію Міхаіл Кісялевіч выкладаў у роднай школе гісторыю, а калі надышоў пенсійны ўзрост, яму прапанавалі стаць кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні, і ён пагадзіўся. Так, з далучэння да новага курсу ў настаўніка пачалася новая глава ў прафесійнай дзейнасці.
«Настаўнік фарміруе асобу, – гаворыць Міхаіл Васільевіч. – прышчапляе каштоўнасці, матывуе да развіцця, падтрымлівае ў складаных сітуацыях. Ён павінен быць узорам для вучняў». У курсе па ваенна-патрыятычным выхаванні гэта раскрываецца яшчэ больш ярка, бо, па словах Міхаіла Васільевіча, кіраўнік павінен выхоўваць у вучняў павагу да Радзімы і яе сімвалаў, да вытокаў беларускай народнасці.
У нашай краіне вялікая ўвага надаецца захаванню гістарычнай памяці і аднаўленню справядлівасці пасля падзей Вялікай Айчыннай вайны. Непакоіць гэта тэма і Міхаіла Кісялевіча, які разам са сваімі вучнямі робіць усё магчымае для таго, каб гэта памяць не канула ў Лету. Агульнымі намаганнямі ў Раздзялавіцкай сярэдняй школе пачаў дзейнічаць музейны пакой, прысвечаны падзеям Другой сусветнай вайны. Міхаіл Васільевіч адзначае, што ўсе экспанаты, якія размешчаны ў музейным пакоі, былі знойдзены і падрыхтаваны разам з навучэнцамі школы. Цяпер школьнікі, жыхары і госці аграгарадка могуць пазнаёміцца са старонкамі ваеннага жыцця аднавяскоўцаў, якія змагаліся за мір ці былі вязнямі канцлагераў.
Дзякуючы актыўнасці і ініцыятыўнасці вучняў пры музейным пакоі створана і група экскурсаводаў, якія праводзяць у ім экскурсіі, а таксама дапамагаюць настаўнікам і класным кіраўнікам у правядзенні інфармацыйных гадзін, урокаў памяці і мужнасці. Падлеткі захоплена расказваюць пра піянераў-герояў і пра сваіх землякоў, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Экскурсіі і збіранне гістарычнай спадчыны – не адзіны напрамак дзейнасці ў межах курсу. У рамках ваенна-патрыятычнага выхавання вучні Міхаіла Кісялевіча даглядаюць помнікі загінуўшым воінам і мірным жыхарам, штогод выязджаюць у Брэсцкую крэпасць-герой, рэгулярна ўдзельнічаюць у тэматычных мерапрыемствах і конкурсах. Нядаўна яны вярнуліся з пяцідзённых збораў у Рэспубліканскім патрыятычным цэнтры ў Брэсце. Там раздзялавіцкіх хлопцаў і дзяўчат асабліва адзначылі за стараннасць і дысцыплінаванасць.
«Гэты курс выхоўвае патрыётаў», – гаворыць Міхаіл Васільевіч, і словы гэтыя неаднаразова пацвярджаюцца поспехамі яго вучняў. Цешыць і тое, што дзякуючы заняткам па ваенна-патрыятычным выхаванні некаторыя навучэнцы знайшлі сваё прызначэнне і вырашылі звязаць сваё жыццё з ваеннай дзейнасцю або службай у падраздзяленнях Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.
Пытаюся ў Міхаіла Кісялевіча: «Што такое патрыятызм у Вашым разуменні?», і атрымліваю адказ: «Патрыятызм – гэта ў першую чаргу любоў да роднай зямлі, а таксама павага да нашага кіраўніцтва, да Прэзідэнта. Гэтыя пачуцці выхоўваюцца дзякуючы розным тэматычным мерапрыемствам, але патрыятызм праяўляецца не толькі ва ўдзеле ў такога роду мерапрыемствах, а ў тым, каб пры неабходнасці не вагаючыся стаць на абарону сваёй Айчыны».
Яўгенія ПРАКАПЧУК.
Фота аўтара